Самарэалізацыя магчыма і ў сельскай бібліятэцы

DSC_4073Вельмі ўдала распачала сваю працоўную дзейнасць ва Ульянавіцкай бібліятэцы Марына Гарбачова. Дзяўчына працуе тут толькі з верасня мінулага года, а жыццё сельскай установы культуры  прыкметна ажывілася, расказала пенсіянерка, былая настаўніца Альбіна Ніканораўна Краўчанка, якая звярнулася ў рэдакцыю ад імя жыхароў в.Ульянавічы.

Першай спробай «выхаду ў свет» было правядзенне маладым бібліятэкарам «Калядак». Мерапрыемства атрымалася непрацяглае, але цікавае.

Марына, як новы работнік, імкнецца даведацца пра чытацкія інтарэсы і прыхільнасці наведвальнікаў бібліятэкі, каб дапамагчы ў выбары літаратуры. Заўсёднікі ўстановы, якія бачаць і цэняць намаганні дзяўчыны актывізаваць жыццё ў родных мясцінах (Марына родам з в.Дольдзева, што недалёка ад Ульянавічаў), стараюцца падтрымаць яе. Як падтрымалі, напрыклад, ідэю правя­дзення свята да дня закаханых. Многія ў вёсцы нават не чакалі, што назбіраецца поўная зала гледачоў і адначасова ўдзельнікаў мерапрыемства. Ні адзін з прысутных не застаўся незаўважаным. Вядучыя свята (асабліва ўсім спадабаўся Купідон) — вучні Ульянавіцкай школы — літаральна кожнага запрасілі да ўдзелу ў гульнях і конкурсах і аддзячылі шматлікімі прызамі, валянцінкамі, цукеркамі, шакаладкамі. Усім прыйшліся па душы і песні ў выкананні школьнікаў.

А вяскоўцы старэйшага пакалення падзяліліся ўспамінамі пра сваю маладосць і першае каханне.

 Таццяна Буракова