«Тэатр ёсць мастацтва адлюстроўваць» — пад такой назвай прайшла першая імпрэза праекта «Вечары ў музеі. Сустрэчы з цікавымі людзьмі»
Якая Паўлінка на смак, і каму з ураджэнцаў Сенненшчыны прысвечаны бессмяротны хіт ВІА «Песняры» «Александрына»?
Адказы на гэтыя пытанні атрымалі ўдзельнікі вечарыны «Тэатр ёсць мастацтва адлюстроўваць». Імпрэза стала першай ластаўкай праекта «Вечары ў музеі. Сустрэчы з цікавымі людзьмі», які раённы гісторыка-краязнаўчы музей ініцыіруе ў Год культуры, каб пазнаёміць сенненцаў са знакамітымі землякамі.
Мінулае і сучаснаць
Напярэдадні мерапрыемства музейшчыкі правялі грамадскае анкетаванне, дзе сенненцам прапаноўвалася пазнаць па фотаздымках акцёраў, выхадцаў з нашага раёна. Вынікі падвялі на самой імпрэзе. Найбольш поўна адказала на пытанні віктарыны Таццяна Вярцінская, супрацоўніца Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У падарунак ад музея пераможца атрымала гадавы абанемент для бясплатнага наведвання музейных мерапрыемстваў.
Для большасці з тых, хто завітаў на сустрэчу з цудоўным у Сенненскую дзіцячую школу мастацтваў, стаў адкрыццём той факт, што Сенненшчына з’яўляецца радзімай цэлай плеяды тэатральных дзеячаў, чые імёны вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Кожнаму земляку арганізатары прысвяцілі асобную прэзентацыю.
Імя народнай артысткі БССР, прымы Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Зінаіды Канапелька не патрабуе прадстаўлення. Пётр Машэраў лічыў яе ідэалам жаночай пекнаты, менавіта ёй прысвяціў свой верш «Александрына» Пятрусь Броўка. Музыку да яго Уладзімір Мулявін сачыніў за адну ноч. Песня адразу стала хітом, а ўдзельнікі ВІА «песняры», дзякуючы ёй, атрымалі званні «Заслужаных артыстаў БССР».
«Райкіным у спадніцы» называлі заслужаную артыстку Беларусі, майстра мастацкага слова, гумару і сатыры Ганну Рыжкову. Больш за 40 гадоў яна аддала Белдзяржфілармоніі. Яшчэ адна знакавая постаць у гісторыі беларускага тэатра — салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР Дора Кроз.
І ў сучасным культурным жыцці не толькі нашай краіны ўраджэнцы Сенненшчыны пакідаюць заўважны след. Так, па выніках анкетавання пераважная большасць сенненцаў пазнала заслужанага артыста Беларусі, старшыню Белтэлерадыёкампаніі, вядомага тэлевядучага Генадзя Давыдзьку.
На сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы шчыруе Вера Давыдзенка. Акрамя таго, наша зямлячка з’яўляецца заслужанай артысткай Узбекістана.
Шмат гадоў ззяла на старэйшых падмостках Расіі — Яраслаўскага тэатра драмы імя А.Волкава — Ірына Яфімава. Сёння яна працуе намеснікам дырэктара па знешніх сувязях Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатра Камедыі імя М. Акімава. Дарэчы, з Верай Давыдзенка і Ірынай Яфімавай у сенненцаў яшчэ будзе магчымасць сустрэцца. Актрысы стануць героямі будучых «музейных вечароў». Не хаваюць надзеі арганізатары ўбачыць на малой радзіме і Генадзя Давыдзьку.
Сенненская «Паўлінка»
Госцяй жа першай імпрэзы стала маладая актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, выканаўца галоўнай жаночай ролі ў спекталі «Паўлінка» па аднайменнай п’есе Янкі Купалы Кацярына Алейнікава. У родным Сянне яе ведаюць па дзявоцкім прозвішчы — Нікалаева.
Якім быў шлях правінцыйнай дзяўчынкі на галоўную сцэну краіны? Як сёння складваецца прафесійнае жыццё актрысы? Гэтыя, іншыя пытанні прысутныя мелі магчымасць задаць знакамітай зямлячцы напрамую. На вечарыне гучала шмат успамінаў з вуснаў родных Кацярыны, у прыватнасці, яе маці Вольгі Нікалаевай, настаўнікаў СШ №2 г.Сянно і Сенненскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Падалінскай, Антаніны Хлусевіч, Наталлі Бозыр, Івана Смірнова. Размова атрымалася душэўнай і шчырай, у тым ліку дзякуючы адкрытасці і эмацыйнасці госці. (Аўт.: інтэрв’ю з Кацярынай Алейнікавай чытайце ў бліжэйшых нумарах «ГС».). А сапраўдным сюрпрызам для ўсіх стала музычнае выступленне Кацярыны. У яе выкананні прагучалі ўрыўкі са спектакляў, дзе занята актрыса. Свой творчы адказ падрыхтавалі і арганізатары імпрэзы — верш пра родны край прачытала маленькая зорачка пакуль яшчэ раённай сцэны, выхаванка аб’яднання па інтарэсах «Сцэнічнае майстэрства» раённага цэнтра дзяцей і моладзі Вера Берашэвіч.
У рамках праекта яго арганізатары прапанавалі героям сустрэч паўдзельнічаць у акцыі «Падарунак музею» і папоўніць сваімі асабістымі рэчамі музейны фонд. Кацярына ахвотна згадзілася і падаравала культурнай установе свае фотаздымкі, афішы з аўтографам. Усе яны стануць экспанатамі будучай выставы «Землякі — наш гонар». Дарэчы, кожны прысутны на імпрэзе атрымаў з рук сенненскай «Паўлінкі» асабісты прэзент — аднайменныя цукеркі.
Для самой Каці выступленне перад землякамі стала таксама своеасаблівым дэбютам і, па яе словах, не менш хвалюючым, чым выхад на праслаўленую купалаўскую сцэну.
Цёплыя словы падзякі і захаплення выказалі ў адрас таленавітай зямлячкі прадстаўнікі мясцовай улады — намеснік кіраўніка раёна Зоя Фаміна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца.
У цэлым музейны праект разлічаны на сем вечароў, якія будуць ладзіцца раз у два месяцы. Тэматыку арганізатары абяцаюць самую розную, а фармат інтэрактыўным. «Мы імкнёмся паказаць, што музей — гэта не толькі ўстанова, дзе захоўваюцца прадметы даўніны, — кажа вядучая вечарыны Ганна Цімашэнка. — Сучасны музей — гэта яшчэ і месца сустрэч з цікавымі людзьмі, пляцоўка для абмеркавання надзённых пытанняў, дзе можна адкрыць для сябе шмат новага пра нашу Сенненшчыну і яе жыхароў».
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
Фота аўтара.