Иван Прусов — один из самых опытных механизаторов ОАО “Белая Липа”, может работать практически на любой технике
У ААТ “Белая Ліпа” сёлета пад кукурузу на зялёны корм адвялі 410 га ворыўнай зямлі, што на 100 га больш, чым летась. І амаль на ўсёй гэтай плошчы сяўбу правёў Іван Прусаў.
— Толькі ў апошнія некалькі дзён побач працавала тэхніка і механізатары Віцебскай інтэграцыйнай структуры, — даверліва расказаў ён. — У іх тэхніка больш прадукцыйная, ды і работу яна дазваляе весці на больш высокім тэхналагічным узроўні — усё ж такі Амазон. Хаця і Беларус з АПП-6 паказвае высокую выпрацоўку і якасць.
Мой знаёмец упэўнены, што і сам справіўся б з работай. Аднак важна было не проста пасеяць, а пасеяць у адпаведнасці з тэхналагічнымі тэрмінамі. Як гэта зрабілі, высяваючы яравы рапс, раннія зерневыя культуры. Тым самым паклаўшы важкі камень у падмурак будучага ўраджаю.
Іван Прусаў — адзін з самых вопытных механізатараў сельгасарганізацыі, можа працаваць фактычна на любой тэхніцы, у тым ліку самаходнай. Так што не выключана, прыйдзе час, і ён займецца нарыхтоўкай кармоў, уборкай зерня.
Большасць палеткаў, занятых кукурузай, добра ўгноены, бо размешчаны паблізу ад малочных таварных ферм. Такі выбар тлумачыцца яшчэ адной нагодай — менш будзе затрат пры закладцы сіласу.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.