Сенненскі посуд пабываў на ВДНГ
Сенненскія старажылы памятаюць, што раней ля вёскі Папоўка працавалі цагляны завод і ганчарны цэх. Вырабы апошняга славіліся далёка за межамі раёна. Дзе-нідзе ў гаспадарках людзей старэйшага пакалення іх і сёння можна знайсці: калі не посуд, дык гліняныя вазоны для кветак.
Гісторыя прадпрыемстваў пачалася яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У кнізе К.Т.Анікіевіча “Сенненскі ўезд Магілёўскай губерні: вопыт апісання ў геаграфічных, гістарычных, этнаграфічных, бытавых, прамысловых і статыстычных адносінах, з картаю павета, схемаю двух азёр і рысункам у тэксце” можна прачытаць: “ Ганчарныя і цагляныя ці фармавыя гліны распаўсюджаны ледзь не па ўсім павеце.
Цагляных заводы два… і ганчарны адзін у г.Сянне, вырабляючы гаршкоў і інш. глінянага посуду ў год пры двух рабочых на 250 руб.”.
Пасля рэвалюцыі цагляная справа ў Сянно зноў адрадзілася. Першыя пасляваенныя гады, асабліва 1921 і 1922, былі вельмі цяжкімі для жыхароў Сянно, як і для ўсёй разоранай краіны. Прамысловыя прадпрыемствы, не звязаныя з выкананнем прамысловых заказаў, не працавалі. Ратуючыся ад голаду, рабочыя ішлі ў вёску, займаліся саматужніцтвам. Паступова саматужная прамысловасць накіроўвалася ў кааператыўнае рэчышча. Вялікі штуршок яе развіццю і каапераванню ў 1925 годзе далі рашэнні 14 партыйнай канферэнцыі аб саматужна-рамеснай прамысловасці. У 1928-1929 гадах у Сянно былі зарэгістраваны арцелі, у тым ліку па вырабу цэглы ў в.Папоўка.
Мясцовыя жыхары ўспаміналі: ”Малая ганчарка” і цагляная арцель працавалі з пачатку вясны і да позняй восені, а зімой людзі працавалі на нарыхтоўцы дроў. А яшчэ на сезон прысылалі людзей на папраўчыя работы, і гэтыя работнікі жылі ў асобным доме ўсе разам”.
У 1930 годзе насельніцтва Сянно складала 3170 чалавек. З 710 сямей да рабочых адносіліся 126, да саматужнікаў — 206. У калектывах арцелі па выпуску цэглы і ганчарнага посуду праводзіліся стаханаўскія змены, суткі, дэкады. Рабочыя змянялі старыя тэхнічныя нормы, павышалі сярэднюю выпрацоўку на 20-30 працэнтаў, дабіваліся паляпшэння якасці прадукцыі. Так, у 1937 годзе павялічылася валавая вытворчасць прадукцыі ў параўнанні з 1936-ым. Было выпушчана каля 600 тыс. штук цэглы і ў 3 разы павялічаны выпуск прадукцыі ганчарнага цэха.
Агульны ўрон, нанесены народнай гаспадарцы раёна за час акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны склаў 337,6 млн рублёў (у тагачасных цэнах). Але пасля вызвалення жыццё паступова стала наладжвацца. Да верасня 1944 года ў Сянно былі адноўлены і працавалі тры млыны, дзве лесапілкі, сельскагаспадарчая майстэрня, ганчарны цэх.
Ганчарны цэх выпускаў нядрэнны асартымент глінянага посуду, а таксама цацкі і свістулькі. “Посуд быў цёмны і светлы, некаторы з узорамі і пакрыты палівай (глазурью). У светлым посудзе захоўвалі малако, смятану, тварог, яго выкарыстоўвалі пад першыя стравы. У цёмным можна было гатаваць у печы. Вырабы мелі попыт не толькі ў Сенненскім раёне, але і за яго межамі”, — успаміналі мясцовыя жыхары.
Даведка «ГС»
На тэрыторыі Сенненскага раёна знаходзіцца 5 месцараджэнняў глін і суглінкаў, 3 — пяску. Балансавыя запасы гліны для вытворчасці цэглы і керамічных камянёў складаюць 3895 тыс. метраў кубічных. Больш за ўсё іх ва ўрочышчах “Ракіта” і “Папоўка”.
З успамінаў Галіны Дзегалевіч: “Мой бацька, Віктар Ігнатавіч Дзегалевіч, 1923 года нараджэння, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў вядучым майстрам цаглянага і ганчарнага цэхаў. Усё жыццё адпрацаваў на гэтым прадпрыемстве. Аднаўляў ганчарны і цагляны цэхі пасля вайны. Па расказах бацькі, пасля рэвалюцыі ганчарная вытворчасць змяніла тры месцы размяшчэння. Спачатку гэта была арцель, і “ганчарка” размяшчалася ў паўзямлянцы за жылым домам на полі каля пасёлка Труд. Пасля вайны ганчарны цэх размяшчаўся на месцы двухпавярхоўкі. А потым — побач з новым цагляным заводам. Нам, дзецям, было вельмі цікава бегаць глядзець, як робяць посуд.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў ганчарным цэху працавалі Дзмітрый Архіпавіч Асташка і Васілій Архіпавіч Асташка. Яны са сваёй прадукцыяй (посуд, цацкі, свістулькі) прымалі ўдзел у ВДНГ і прывезлі граматы. Памятаю, бацька гаварыў, што вырабы ганчарнага цэха карысталіся папулярнасцю не толькі ў Сенненскім раёне. Пасля выстаўкі за імі прыязджалі з Польшчы. А яшчэ з Гарадка для абмену вопытам прыязджаў Уладзімір Іосіфавіч Татарыс – майстар ганчарнага цэха. Да братоў Асташкаў прыйшоў вучнем Генадзій Пятровіч Глухароў. Яму вельмі падабалася працаваць на ганчарным крузе, рабіць посуд і цацкі. А пасля прыезда В.І.Татарыса ён моцна захапіўся свістулькай. Але на продаж, наколькі я памятаю, іх не рабіў. Шмат проста раздаваў дзецям. Памятаю таксама, што яшчэ ў 1984 годзе ганчарны цэх выпускаў посуд”.
Адна са свістулек Глухарова цяпер захоўваецца ў Сенненскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а Сенненскі Дом рамёстваў рыхтуе дакументы для Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці свістульцы майстра Г.П.Глухарова, імя якога было шырока вядома за межамі нашага раёна. Славу яму прынеслі ўмелыя рукі і вялікая працавітасць. За кожную дзённую змену майстар вырабляў 100 — 120 штук ганчарных вырабаў замест 80 па норме. Уся яго прадукцыя адрознівалася добрай якасцю і карысталася вялікім попытам у насельніцтва. Прадавалася яна не толькі ў магазінах Віцебскай вобласці, але і ў Магілёве, Мінску, Смаленску.
У пачатку IХ пяцігодкі (у 1971 годзе) быў здадзены ў эксплуатацыю новы вытворчы будынак з цэглы. І калі раней прадпрыемства вырабляла 3 — 4 млн штук цэглы ў год, то ўжо ў 1975 годзе было выпушчана амаль 13 млн штук. Тады ж запрацаваў і новы ганчарны цэх, дзе была ўстаноўлена лінія па штампоўцы вазонаў. Выпуск посуду спыніўся. Яго выраблялі толькі ў прыватным парадку і для асабістых патрэб.
Як расказала былы майстар цаглянага завода Марыя Пятрашка, гліну для завода вазілі з Кляпчэва, а ў ганчарны цэх — з Віцебска.
У канцы 1990-х завод і цэх былі закансерваваны.
Па матэрыялах, прадастаўленых галоўным захавальнікам фондаў Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Браніславай Жалтабрухавай,
падрыхтавала
Таццяна Буракова.