Ідэалагічная вертыкаль раёна падвяла вынікі работы за 2015 год

9Ідэалагічная вертыкаль раёна падвяла вынікі работы за 2015 год. Семінар прайшоў у Багушэўскім лясгасе, актыў якога з’яўляецца адным з прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе на лепшую пастаноўку масавай работы ў калектывах у намінацыі “За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна”.

ДАВЕДКА. Па стане на канец лютага ідэалагічнай работай у раёне займаліся 29 чалавек. Вакансіі ідэалагічных работнікаў меліся ў шасці арганізацыях, у тым ліку ў такіх буйных, як РУП ЖКГ, ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс”, УП “Дружбінец”.

 Прадстаўнічую дэлегацыю сустракалі Аляксандр Ізмайловіч,  дырэктар лесагаспадарчай установы і Таццяна Шугальская, намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце. Пасля кароткага расказу пра лясгас, яго гісторыю, развіццё, вытворчую дзейнасць на сучасным этапе госці маглі азнаёміцца з нагляднай агітацыяй, стэндамі, дзе адлюстравана жыццё калектыву, грамадскіх фарміраванняў розных накірункаў работа ідэолага з людзьмі.

 — Галоўны ідэолаг у калектыве – кіраўнік, — гэтую вядомую выснову Таццяна Шугальская за час семінара паўтарыла не раз, бо мела для гэтага ўсе падставы. У Багушэўскім лясгасе нямала вытворчых праблем, даволі часта мяняюцца кіраўнікі. Тым не менш большасць з іх, магчыма, дзякуючы Таццяне Шугальскай з увагай ставіліся да ідэалагічнай работы. Не выключэнне Аляксандр Ізмайловіч. А таму на знешнее афармленне, на стэнды заўжды знаходзяцца сродкі. Кожнае важнае ў жыцці калектыву, асобных яе членаў зафіксавана, адлюстравана ў альбомах, летапісах.

Размова працягвалася ў актавай зале. Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама у сваім выступленні называў традыцыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне, на развіццё творчых здольнасцяў. Многія з іх сталі трыдыцыйнымі, ператварыліся ў раённыя брэнды. Спасылаючыся на станоўчыя прыклады ён даводзіў, як можна згуртаваць людзей на грамадска-карысныя справы, заклікаў шукаць новыя, нетрадыцыйныя формы работы з людзьмі.

На яго думку выніковым летась было спаборніцтва, асабліва арганізаванае сярод маладых аграрнікаў на жніве. Удзел у ім прынялі 18 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў. Моладзевы экіпаж з ААТ “Сенненскі райаграсэрвіс” у складзе Сяргея Сухвала і Дзяніса Астаповіча стаў пераможцам не толькі ў гэтай намінацыі. Хлопцы намалацілі 1990 тон збожжа, што стала абсалютна лепшы дасягненнем сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў Сенненшчыны. У чарговы раз перамаглі ў абласным спаборніцтве ў сваёй намінацыі моладзевыя экіпажы з ВДМС Аляксей Гарбачоў і Уладзімір Васілёнак, Барыс Гарнак і Аляксандр Кудраўцаў. На “Дажынках” у Талачыне яны ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі аблвыканкама і грашовымі прэміямі. Вызначыўся ў абласным спаборніцтве яшчэ адзін прадстаўнік раённай моладзі. Аляксандр Сухвал заняў першае месца сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня.

З моладдзю, маладымі спецыялістамі ў большасці арганізацый раёна працуюць мэтанакіравана. Іх прыцягваюць да ўдзелу ў грамадска-палітычных акцыях, культурна-масавых мерапрыемствах. У якасці станоўчага прыкладу работы ў гэтым накірунку Сяргей Мяцеліца назваў Сенненскі РГЗ ПУ “Чашнікігаз”, РАНС, райспажыўтаварыства, ЦБУ №218, ААТ ”Бяленева”, СУП “Саўгас імя Машэрава”, РУП ЖКГ. Своеасаблівае спаборніцтва праводзіцца і сярод ідэолагаў. У абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы летась прымалі ўдзел чатыры прадстаўнікі раёна. У намінацыі “Транспарт і сувязь” ДЭУ-38 прызнана пераможцам. У час правядзення семінара Ала Прыстаўка, адказная за ідэалагічную работу арганізацыі, падзялілася сваімі напрацоўкамі, вопытам падрыхтоўкі да агляду-конкурсу.

Поспех у ідэалагічнай рабоце немагчымы без актыўнай жыццёвай пазіцыі чалавека, які яе праводзіць. Летась на раённую Дошку гонару быў занесены партрэт Леаніда Блажэвіча, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце саўгаса імя Машэрава. Іна Пронька, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Бяленева”, прадставіць Віцебскую вобласць у рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года-2015 года” ў намінацыі “За ўклад у развіццё вёскі”. Былы ідэолаг УП “Дружбінец” Яўген Траян нядаўна ўзначаліў ААТ “Студзёнка”.

У значнай ступені семінар насіў прыкладны характар. Асабліва ў тым яго аспекце, які датычыўся дзейнасці інфармацыйна-прапагандыскіх груп, добраахвотных дружын, грамадскіх фарміраванняў, рэалізацыі Дырэктывы №1. У прыватнасці, Таццяна Шугальская падрабязна расказала, як будуецца работа савета прафілактыкі ў лясгасе, аб узаемадзеянні яго з міліцыяй, саветам прафілактыкі Багушэўскага сельвыканкама.

Даведка. “У працоўных калектывах па месцы жыхарства насельніцтва ў раёне створана 81 ІПГ: 8 – пры райвыканкаме, 12 – пры сельвыканкамах, 50 – у арганізацыях і установах адукацыі, 11 – АПК.

Работа інфармацыйна-прапагандыскіх груп не абмяжоўваецца лекцыямі, выступленнямі. Важна выклікаць людзей на размову, дыялог.

— Калі асобныя члены ІПГ не адпавядаюць гэтым патрабаванням склад груп трэба абнаўляць, — рэкамендаваў Сяргей Мяцеліца. Не хаваў ён і іншых праблем. Галоўнае – нестабільнасць кадравага складу ідэалагічных работнікаў. Летась адказныя за ідэалагічную работу змяніліся ў пяці арганізацыях раёна. Даволі часта працэдура ўзгаднення  на пасаду і вызвалення ад пасады ідэалагічнага работніка парушаецца кіраўнікамі. Справа тут не ў бюракратычных патрабаваннях. Для работы з людзьмі патрэбен асаблівы талент. Нават тыя ідэолагі, якія працуюць на пасадах не першы год, нярэдка не маюць важкіх аргументаў не толькі ў размове з апанентамі ўлады, але і членамі калектываў.

У ідэалагічным супрацьстаянні можна і трэба шырэй выкарыстоўваць магчымасці мясцовых выданняў. На старонках раённай і абласной газет заўжды можна знайсці важкія контраргументы, у тым ліку з вуснаў кіраўніцтва раёна і вобласці, адказы на многія пытанні, што хвалююць людзей. Для гэтага, праўда, неабходна папулярызаваць адзначаныя выданні пашыраць кола іх падпішчыкаў. Плён можа прынесці супрацоўніцтва з рэдакцыяй праз пазаштатных карэспандэнтаў, у форме правядзення дзён падпішчыкаў.

Работа ідэалагічнай вертыкалі аналізуецца, прамежкавыя вынікі падводзяцца рэгулярна. Падрабязна абмяркоўвалася работа ідэолагаў, грамадскіх аб’яднанняў пасля завяршэння выбараў Прэзідэнта. Не засталіся без ацэнкі мерапрыемствы, што праводзіліся ў раёне ў сувязі з падрыхтоўкай да святкавання і правядзення мерапрыемстваў, прымеркаваных да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На працягу года пад пільнай увагай знаходзілася работа з моладдзю.

2016 год паставіў перад ідэалагічнымі кадрамі новыя задачы. Наперадзе чарговая выбарчая кампанія. Сапраўдным экзаменам для аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, усёй грамадскасці раёна стане год, асноўным прыярытэтам якога названа культура. Нарэшце, у 2016 годзе Сянно стане сталіцай абласных “Дажынак”.

Пастаўлены і іншыя не менш важныя задачы. З улікам сітуацыі ў эканоміцы ідэалагічныя работнікі на асаблівы кантроль павінны ўзяць прафілактычную работу правапарушэнняў, рэалізацыю Дырэктывы №1, Дэкрэтаў №18, №5.

— Неабходна забяспечыць штотыднёвы збор інфармацыі па ўсіх выпадках парушэнняў працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, аператыўна аналізаваць яе і даваць ацэнку, — падкрэсліў Сяргей Мяцеліца.

Разам з тым ідэалагічныя работнікі не павінны выпускаць з поля зроку работу наймальнікаў па стварэнні належных умоў працы і адпачынку. Гэта таксама прыярытэтны напрамак у рабоце структуры, якая працуе з людзьмі.

Семінар завяршыўся ў Багушэўскім ДК. Ідэалагічных работнікаў раёна запрасілі на справаздачны канцэрт устаноў культуры Багушэўскага сельсавета і Дома культуры гарадскога пасёлка.

31

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: гасцей сустракае Таццяна Шугальская; вопытам работы  дзеліцца Ала Прыстаўка, ідэалагічны работнік ДЭУ-38.

Фота аўтара.