На Сенненщине прошел районный этап конкурса “Властелин села-2021”

У раённым этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2021” перамогу святкавала сям’я Кацярыны і Дзяніса Абразок з Ходцаў. Гэта менавіта той выпадак, калі, як кажуць, перамагчы дапамагла атмасфера роднага мястэчка, бо менавіта тэрыторыя Ходцаўскага Сельскага Савета і сабрала ўдзельнікаў і гасцей конкурсу.

На гэты раз чатыры маладыя сям’і змагаліся за тытул называцца лепшай: Шатровы з Круглян, Калмагорцавы з Багданава,  Александровічы з Рулёўшчыны і вышэйназваныя Абразок.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі РК ГА “БРСМ”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з раённым Саветам дэпутатаў і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сенненскага райвыканкама.

Сёлета ў конкурсную праграму былі ўнесены некаторыя змяненні. Так, да прыкладу, у эстафеце “Вясковыя гульні” мужчынам трэба было прадэманстраваць свае ўменні ў заплятанні касы на доўгіх валасах.

Ці вось яшчэ — ра­зам з жонкай аддзяліць каляровую фасолю ад белай. Не запрагалі на гэты раз і каня.

Гэтае выпрабаванне было заменена. Сем’ям прапанавалі на суд журы прадаставіць выпечаны ўласнаручна каравай. Як адзначалі арганізатары мерапрыемства, у Год народнага адзінства хацелася скіраваць сам праект не толькі на захаванне сямейных каштоўнасцей, але і на адраджэнне традыцый нашых продкаў. Конкурс “Хлеб — усяму галава!” як мага лепш раскрывае гэту тэму.

 

Прыгожа і гарманічна гля­дзеліся сямейныя пары ў нацыянальных касцюмах, тры­маючы ў руках на ручніку сваю выпечку і запрашаючы  пачаставацца ёю гасцей мерапрыемства.

І нягледзячы на тое, што праходзіла яно ў будні дзень, іх было шмат. Падтрымаць удзельнікаў прыехалі іх родныя, сябры, кіраўніцтва сельвыканкамаў, прадстаўнікі раённай улады. Усе шчыра жадалі ўдачы кожнай сям’і.

Як жа інакш — настолькі адкрытыя і добразычлівыя былі ўдзельнікі праекта. А конкурс-прэзентацыя “Знаёмімся” раскрыў іх і з творчага боку. У вершаванай форме яны расказвалі пра свае сямейныя традыцыі, захапленні, выхаванне сваіх дзетак, пра тое, як актыўна і з карысцю разам бавяць вольны час. Без песень не абышлося.

З душой, па-сенненску,  а галоўнае з любоўю, адрасуючы адзін аднаму словы ўдзячнасці за сямейнае шчасце, праспявалі суджэнцы. А супрацоўнікі Машканскага сельскага Дома культуры, якія спецыяльна прыехалі на мерапрыемства, каб падтры­маць сям’ю Шатровых, не толькі арганізавалі невялічкую тэат­ралізаваную пастаноўку, але і запрасілі гледачоў патанчыць.

Словам, было весела. І за ўсёй гэтай весялосцю, добрым настроем стаяла галоўная задача, якую ставілі перад сабой арганізатары: папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і быта, павышэнне ролі і значэння сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута грамадства.

Усе сем’і паказалі сябе з найлепшага боку. Аднак конкурс прадугледжвае пераможцу. Але ўжо тое, што ўсе яны згадзіліся заявіць пра сябе — і ёсць маленькая перамога. І ўсё ж, Кацярына і Дзяніс Абразок сталі лепшымі.

І для іх гэта важна. Яны другі раз удзельніч­аюць у праекце. У мінулым го­дзе былі трэцімі. Такі вынік іх зусім не задаволіў. Суджэнцы ведалі, што могуць лепш, што і прадэманстравалі селёта.

Усе іспыты праходзілі ўпэўнена, зладжана. Сям’я Іны і Аляксандра Шатровых заняла другую прыступку п’едэсталу, трэцімі былі Валерыя і Сяргей Калмагорцавы.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

Фота аўтара.