ПЕДАГОГ СУЧАСНАСЦІ
Сёння шмат кажуць пра важнасць дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кампетэнцыі і прафесіяналізме, індывідуальным стылі працы, іміджы педагога дадатковай адукацыі, які накіроўвае сваю работу на раскрыццё творчых здольнасцей дзяцей у пазаўрочны час. Па сутнасці, ён не толькі дае веды па вызначаным профілі, але і выхоўвае. А выхаванне годнага пакалення ХХI стагоддзя — вялікая адказнасць і нялёгкая праца.Таму педагогу дадатковай адукацыі, таксама як і настаўніку ў школе, заўсёды трэба для сябе вызначыць сэнс сваёй працы, свае метады.
У прадстаўленні Алы Леанідаўны Чумаковай педагог XXI стагоддзя — гэта, перш за ўсё, сябар у адносінах да дзяцей, іх памочнік, дарадца і саюзнік. Не чалавек, які дае гатовыя ісціны, а шукальнік, вандроўнік, які заўсёды знаходзіцца ў дарозе. Гэты пошук павінен быць уласцівы як маладому, так і дасведчанаму педагогу.
З’яўляючыся педагогам дадатковай адукацыі Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі і, само сабой, творчым чалавекам, Ала Леанідаўна ўпэўнена ў тым, што пастаянны рух наперад, вывучэнне новага, асобаснае развіццё і рост — неабходныя кампаненты для дасягнення педагагічнага майстэрства і выказвання свайго творчага патэнцыялу, павагі з боку выхаванцаў, бацькоў, калег.
Працуючы над сабой, педагог памятае пра тое, што беспярэчным аўтарытэтам для дзяцей павінны стаць яе асабістыя якасці як педагога, веды і жыццёвы вопыт. Кажучы аб аўтарытэце педагога дадатковай адукацыі, Ала Леанідаўна лічыць, што гэта не патрабаванне беспярэчнага паслушэнства, кіраванне дзіцем, а пастаянны духоўны кантакт з дзецьмі, ўзаемнае пранікненне ў свет думак, пачуццяў, перажыванняў адзін за аднаго і дадае: «Я не толькі вучу дзяцей, прывіваю на занятках аб’яднання па інтарэсах «Наша Сенненшчына» любоў да роднага краю, выхоўваю пачуццё гонару за нашу краіну, але і сама вучуся ў сваіх выхаванцаў».
Акрамя гэтага, Ала Леанідаўна ідзе ў нагу з часам: шырока выкарыстоўвае ў сваёй працы камп’ютарныя тэхналогіі, розныя методыкі, добра валодае выкладаемым матэрыялам, актыўна супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя», сацыяльнай ініцыятывай Сенненскага РЦДіМ «Дзіцячая радыёхвілінка». Распрацоўкі выхаваўчых мерапрыемстваў, заняткаў гуртка педагога ўключаліся ў зборнікі матэрыялаў з вопыту работы ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, якія не раз займалі прызавыя месцы на абласных і рэспубліканскіх метадычных выставах.
Валянціна Каржыцкая,
дырэктар Сенненскага РЦДіМ.