Штучная альтэрнатыва.Культурна-экалагічная акцыя «Зберажом зялёную ялінку» праходзіць у школах г. Сянна
Падрыхтоўка да самага галоўнага зімовага свята, Новага года, ідзе поўным ходам. Даволі актыўна ў гэты працэс уключаюцца і навучэнцы школ г. Сянна. Добрай падставай таму служыць культурна-экалагічная акцыя “Зберажом зялёную ялінку”, якая стартавала ў пачатку снежня.
У яе межах школьнікам прапануецца змайстраваць з любых падручных сродкаў штучную ялінку, своеасаблівую альтэрнатыву хвойнай прыгажуні. Аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў у гэтай нялёгкай справе фантазія і творчасць.
Гледзячы на вырабы, становіцца зразумела, што ні ў дзетвары, ні ў іх бацькоў праблем з яе недахопам няма. Так, у ход пайшлі і прадукты харчавання: занадта незвычайна і цікава выглядае елка з макаронаў, кафейных зерняў.
Ніколькі не ўступаюць па прыгажосці і арыгінальнасці штучныя дрэвы, зробленыя з паперы, сурвэтак, мішуры, шышак і нават відэльцаў. Некаторыя канкурсанты ўскладнілі сабе задачу і прадставілі на суд журы цэлыя кампазіцыі, у тым ліку і з сімвалам надыходзячага года – пеўнем. Дарэчы, ацэньвацца працы будуць па некалькіх крытэрыях, сярод якіх не толькі арыгінальнасць, тэхніка выканання, але і трываласць. Зразумела, што пераможцаў вызначаць у кожнай узроставай катэгорыі: малодшая, сярэдняя і дарослая. Па заканчэнні акцыі ўсе елкі вернуцца да сваіх гаспадароў.
Ганна КОРСАКАВА.