Пры Сенненскім раённым Савеце дэпутатаў запрацавала Моладзевая палата другога склікання
Пры Сенненскім раённым Савеце дэпутатаў запрацавала Моладзевая палата другога склікання.
Па выніках нядаўніх выбараў, што адбыліся ў школах раёна, у яе склад увайшлі 15 падлеткаў — вучняў 9-11 класаў.
На першым пасяджэнні Моладзевай палаты адпаведныя пасведчанні юным калегам уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга. Звяртаючыся да школьнікаў, Міхаіл Мікалаевіч выказаў надзею, што яны змогуць годна прадстаўляць інтарэсы моладзі ў рабоце дэпутацкага корпуса, а іх ідэі пойдуць на карысць рэгіёну. Кіраўнік раёна Васілій Чараднік, які прысутнічаў на мерапрыемстве, заклікаў часцей запрашаць членаў Моладзевай палаты на пасяджэнні раённага Савета, сельвыканкамаў, каб падлеткі на свае вочы бачылі працу дэпутатаў мясцовых Саветаў і змаглі выступать са сваімі ініцыятывамі.
Адным з галоўных пытанняў на парадку дня першага пасяджэння сталі выбары старшыні Моладзевай палаты. Па выніках галасавання яе ўзначаліла вучаніца 9 класа СШ №1 Аліна Бінцяй. Кандыдатура дзевяцікласніцы спрэчак не выклікала. Дзяўчынка выдатна вучыцца, паспяхова праяўляе сябе ў праектнай дзейнасці і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы і раёна.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: М.Вілюга ўручае пасведчанне аднаму з членаў Моладзевай палаты.
Фота аўтара.