Багушэўскі народны тэатр адзначыў 60-годдзе з дня прысваення яму звання «народны».
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае знамянальнай даце, адбылося ў гарпасялковым Доме культуры. Павіншаваць юбіляраў прыйшлі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады. За высокае майстэрства, творчыя поспехі, захаванне і ўмацаванне традыцый тэатральнага мастацтва калектыў Багушэўскага народнага тэатра быў удастоены Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў. Узнагароду дырэктару ДК уручыў яго старшыня Міхаіл Вілюга. Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, таксама павіншаваў юбіляраў. Падарункам стаў сертыфікат на набыццё камплекта гукаўзмацняльнай апаратуры. Граматамі аддзела за шматгадовую працу былі адзначаны былыя рэжысёры Юрый Іваноўскі і Аляксандра Кузняцова.
На мерапрыемстве таксама прысутнічалі і заўзятыя багушэўскія тэатралы, ветэраны народнай творчасці, для якіх сцэна даўно стала роднай. Сярод іх была і Раіса Груздзева, якая не адзін дзясятак гадоў прысвяціла тэатру.
У фае ДК была наладжана фотавыстава. Углядаючыся ў старыя, пацёртыя фатаграфіі са спектакляў, здымкі былых калег, рэжысёраў, якія кіравалі тэатрам у розныя гады, жанчына не стрымлівала слёз. З асаблівай цеплынёй яна ўспамінала той час, адзначала, што для яе гэта былі самыя лепшыя гады. Тэатр акрыляў, даваў сілы. Больш таго, тут Раіса Іванаўна сустрэла свайго будучага мужа.
З гісторыі
У далёкім 1959-м выйшаў Указ аб прысваенні звання “Народны тэатр” шасці лепшым калектывам Беларусі. Сярод іх быў драматычны калектыў Багушэўскага раённага Дома культуры. Але ўжо задоўга да гэтай падзеі тэатральнае жыццё ва ўсю кіпела ў Багушэўску.
У сярэдзіне 20-х гадоў дзяржава пачала падтрымліваць самадзейных артыстаў. У абласных цэнтрах пачалі адкрывацца аматарскія клубы. У Віцебскім клубе чыгуначнікаў быў пастаўлены адзін з першых спектакляў «Цар Максіміліян». На пастаноўцы прысутнічаў дваццацігадовы жыхар Багушэўска Філіп Кулік. Ён быў настолькі ўражаны ўбачаным, што, вярнуўшыся ў пасёлак, стварыў драматычны гурток, які пад яго кіраўніцтвам працаваў з 1927 па 1929 год. Пасля яго справу працягнуў Барыс Сарочкін. Калектыў ставіў спектаклі на рускай, беларускай мовах, ідыш. Ужо тады бацьку дапамагала дачка Раіса.
З пачаткам вайны сям’і прыйшлося эвакуіравацца. У пасёлку, дзе яна апынулася, было нямала прыезджых, сярод іх была і прафесійны рэжысёр з Масквы, жанчына, якая стала адным з арганізатараў драмгуртка. Пад яе кіраўніцтвам Раіса Сарочкіна асвойвала сцэнічнае мастацтва, каб, вярнуўшыся ў родны Багушэўск, стварыць ужо паўнавартасны тэатр.
20 жніўня 1946 года на сцэне Багушэўскага раённага Дома культуры ўбачыў свет першы спектакль пасляваеннага драматычнага калектыву. Гэта былі дзве аднаактоўкі А.П.Чэхава «Юбілей» і «Мядзведзь». У 1949 годзе на абласным аглядзе за спектакль “За другім фронтам” па п’есе В.Сабко калектыў быў узнагароджаны пераходным Чырвоным сцягам.
Багушэўская трупа славілася сваімі выступленнямі. У аснове рэпертуару была беларуская нацыянальная драматургія. Акцёры не баяліся «замахнуцца» на хрэстаматыйныя творы айчынных класікаў. У 50-х гадах драматычны калектыў Багушэўскага РДК нават выступаў на рэспубліканскай сцэне. Калектыў тэатра кансультавала будучая народная артыстка БССР Зінаіда Канапелька.
У 1960-х гадах багушэўцы давалі спектаклі для раённага і абласнога гледача, выступалі ў сценах школ, санаторыяў, розных арганізацый. Са спектаклем “Несцерка” іх нават запрашалі на гастролі ў Венгрыю. Аднак паездка не адбылася ў сувязі са смерцю акцёра Міхаіла Сакалова.
З 1983 па 1991 год у Багушэўску працавала і дзіцячая тэатральная студыя. За гэты перыяд на сцэне Багушэўска і Сянна было пастаўлена больш за 20 спектакляў.
У розныя гады рэжысёрамі тэатра былі Мікалай Глушакоў, Уладзімір Груздзеў, Людміла Ганчарова, Кацярына Пархоменка, Аляксандра Кузняцова. З 2008 па 2018 год калектыў працаваў пад кіраўніцтвам загадчыка літаратурнай часткі тэатра імя Якуба Коласа Юрыя Іваноўскага. За гэты перыяд былі пастаўлены дзесяць п’ес. Калектыў неаднаразова пацвярджаў званне народнага, удзельнічаў у шматлікіх фестывалях. На адным з іх быў удастоены першага месца.
60-гадовы юбілей — значная веха ў багатай гісторыі народнага тэатра. “Тэатр — не мода, ён вечны заўсёды” — і сёння імкнуцца данесці да гледача багушэўцы.
У нашы дні вядзе за сабой калектыў малады спецыяліст Марына Клюева, якая ў 2018 годзе прыехала на працу ў раён. Асноўная трупа складаецца з 15 чалавек. Шмат сярод іх моладзі. Юныя багушэўцы таксама заняты ў гуртках, якія працуюць пры Багушэўскім ГДК, — дзіцячым драматычным і тэатры мініяцюры.
“Багушэўскі народны тэатр — гучыць горда”
Менавіта гэтая думка прасочвалася ў час святочнай праграмы, якую супрацоўнікі ГДК правялі сумесна з настаўнікамі Багушэўскай школы мастацтваў, вучнямі мясцовай школы, фальклорным калектывам “Макавея”.
Вечар быў напоўнены асаблівай цеплынёй. Былыя акцёры дзяліліся ўспамінамі аб працы ў тэатры, закулісным жыцці калектыву, расказвалі пра цяжкасці, з якімі часам даводзілася сутыкацца. Аляксандр Шумароў і Паліна Пядачкіна ў свой час увасаблялі на сцэне цудоўны дуэт закаханых Якімкі і Паўлінкі ў пастаноўцы “Паўлінка” па п’есе Янкі Купалы. Аднойчы пасля чарговага выступлення, калі вярталіся дадому, зламаўся аўтобус. Акцёрам давялося начаваць у зале тады яшчэ раённага Дома культуры. “Тэатр аб’ядноўваў людзей розных узростаў і прафесій. Для нас гэта было хобі, якое давала сілы, — адзначыла Паліна Пядачкіна. — Сюды заўсёды цягнула. Мы былі як адна сям’я. Тут мы пражывалі другое жыццё, забывалі пра ўсе нягоды”.
Ігар Меркуль распавёў, як праходзілі рэпетыцыі і па колькі гадзін даводзілася працаваць, каб атрымалася паўнавартасная, добраадпрацаваная пастаноўка. Было што ўспомніць і Аляксандры Кузняцовай, былому рэжысёру тэатра, унучцы Барыса Сарочкіна.
За ўспамінамі — жыццё даўжынёй больш, чым у шэсцьдзесят гадоў. Захаваць самабытнасць Багушэўскага народнага тэатра і развіць яе ў сучасных умовах — адна з галоўных задач калектыву, падкрэсліў Вячаслаў Багданаў, старшыня сельвыканкама ў час свайго выступлення.
Прыемным сюрпрызам для гасцей свята стаў спектакль па п’есе А.П.Чэхава “Юбілей”. У ім былі задзейнічаны маладыя акцёры — Уладзіслаў Янукоў, Даніяр Андрэеў, Людміла Сініца. А для Ірыны Халадок, якая паўстала перад гледачамі ў вобразе Настассі Фёдараўны Мярчуткінай, гэта быў дэбютны выхад на сцэну.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
П. Пядачкіна і А. Шумароў.
Фота аўтара.
Познавательные потребности людей разных возрастов удовлетворят сотрудники турцентра «Сенно». Ими разработаны более 20 экскурсионных маршрутов.…
Сельское хозяйство ни на что не променяю – это мое призвание и любимое дело, говорит…
Новшества в условиях оплаты труда работников бюджетных организаций, предусмотренные Указом Президента Республики Беларусь с 1…
В Сенненском районном исполнительном комитете выездной прием граждан провела депутат Витебского областного Совета депутатов Елена…
Информационный суверенитет - важнейшая тема с точки зрения обеспечения национальной безопасности государства. Об этом…
В Витебске состоялось торжественное открытие XXXV Международного фестиваля современной хореографии (IFMC). Главным событием нынешнего фестиваля…