В музейной экспозиции Белицкой ДССШ можно узнать много интересного
Гэтай публікацяй мы працягваем новую рубрыку “ГС”, і сёння раскажам пра музейную экспазіцыю, якая створана ў Беліцкай ДССШ.
— Школьныя музеі дапамагаюць развіваць эстэтычныя пачуцці ў дзяцей і, галоўнае, фарміраваць іх нацыянальную самасвядомасць, захоўваць памяць пра сваю гісторыю і паважаюць працу продкаў, — лічыць загадчыца экспазіцыі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Чарнышкова, якая часта праводзіць тут экскурсіі.
Пераступіўшы парог музейнай экспазіцыі, адразу нібы трапляеш у хату беларускага селяніна. Самым свяшчэнным месцам у ёй лічыўся кут, або покуць, – месца ў куце над акном, дзе віселі абразы, абавязкова пакрытыя прыгожымі саматканымі ручнікамі. Стол у хаце таксама заўсёды стаяў на покуці. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі самае дарагое – хлеб, асвечаныя яйкі, свечкі, ставілі святую ваду.
Печ таксама адзін з асноўных атрыбутаў прасторы сялянскага жытла. Белая печ і кут заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках хаты. Тая частка, якая знаходзілася злева ад дыяганалі “печ – кут”, замацавалася за жаночай паловай сям’і, а прастора справа ад яе лічылася мужчынскай. Тут жа знаходзіліся рэчы хатняга ўжытку: гліняны посуд, дзяжа, ложак.
Далей увазе наведвальнікаў прадстаўлена экспазіцыя “Сялянскае падвор’е”. Беларусы здаўна славіліся сваёй працавітасцю. Асноўным заняткам нашых продкаў былі земляробства і жывёлагадоўля. Кожную вясну селянін-беларус сеяў хлеб і лен, якія былі асноўнымі крыніцамі існавання, матэрыяльнага дабрабыту. У экспазіцыі шырока прадстаўлены мужчынскія і жаночыя прылады працы, у прыватнасці, прылады для апрацоўкі льну, з якога вырабляліся тканіна і адзенне. У хатнім ужытку былі саматканыя посцілкі, ручнікі, абрусы і іншыя тканыя і вышываныя рэчы.
У час экскурсіі навучэнцы даведваюцца, што найбольш распаўсюджаным паўсядзенным абуткам беларускага сялянства на працягу некалькіх стагоддзяў былі лапці. Іх плялі з лыка ліпы, лазы, пяньковых ці льняных вяровачак. Лапці насілі разам з ільнянымі анучкамі, якімі абгортвалі нагу амаль да калена і замацоўвалі аборкамі ці рамянямі, што прапускаліся праз вушкі лапцей. Апрача плеценых, ужываліся і скураныя лапці. У святочныя дні, асабліва калі ішлі ў царкву ці ехалі ў мястэчка на кірмаш, найбольш заможныя надзявалі боты. Звычайна яны мелі высокія халявы, якія падкрэслівалі маемасны цэнз уладальніка. Боты шылі па заказу ў майстроў-шаўцоў.
— Экскурсіі, якія праводзіць у музейнай экспазіцыі Вольга Леанідаўна заўсёды адрозніваюцца пазнавальнасцю, краязнаўчай накіраванасцю. Можна даведацца не толькі пра экспанаты, але і пра многае з жыцця нашых продкаў. Экскурсіі цікавыя для дзяцей розных узростаў, — выказвае сваё меркаванне пра карысць экспазіцыі вучань 11 класа Мікіта Лісецкі.
Таццяна БУРАКОВА.
Фота прадастаўлена школай.