«Прыйшлі Калядкі — бліны ды аладкі»
Для работнікаў дзіцячага сада №1 і яго выхаванцаў Год гасціннаці пачаўся са святкавання Калядаў. Мерапрыемства паспрыяла выхаванню ў дашкольнікаў пачуцця сяброўства, гасціннасці, пазнаёміла з народнымі традыцыямі.
Да Калядаў рыхтаваліся ў кожнай групе: выхавацелі развучвалі з дзецьмі абрадавыя песні, прыпеўкі, расказвалі пра гісторыю свята.
Педагогі імкнуліся стварыць атмасферу сапраўдных Калядаў ва ўсёй установе адукацыі. Пераапрануўшыся ў калядоўшчыкаў, яны заходзілі ў кожную групу. Вітаючы маленькіх гаспадароў, зычылі здароўя і дабрабыту. А дзеці разам з выхавацелямі частавалі гасцей рознымі прысмакамі.
Хлопчыкі і дзяўчынкі былі не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі фальклорнай гульні. Вадзілі з калядоўшчыкамі карагоды, спявалі, праслаўляючы Каляду. Як адзначыла Святлана Панушкіна, загадчыца дзіцячага сада №1, падобныя мерапрыемствы далучаюць дашкольнікаў да беларускай культуры, што з’яўляецца неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання.
Прыемным дапаўненнем да свята стала падрыхтаванае педагогамі тэатралізаванае прадстаўленне «Каляда», якое прайшло ў актавай зале ўстановы.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.