Цікавасць да валейбола захоўваецца
Cтартаваў дзявяты чэмпіянат Сенненскага раёна па валейболе. На працягу студзеня — сакавіка дзевяць аматарскіх каманд, у склад якіх уваходзяць супрацоўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, будуць змагацца за галоўны прыз спаборніцтваў.
Цырымонія адкрыцця чэмпіянату пачалася са слоў прывітання намесніка старшыні райвыканкама Зоі Фаміной. Яна выказала ўдзячнасць кіраўнікам арганізацый, якія штогод збіраюць каманды і са сваімі падначаленымі прымаюць удзел у спаборніцтвах, а таксама Аляксандру Ладыжыну, дырэктару СШ №1 г.Сянно, — за прадастаўленне спартыўнай залы для правядзення гульняў. Словы падзякі тычыліся і арганізатараў чэмпіянату — аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, бо чэмпіянат падтрымлівае цікавасць да валейбола на Сенненшчыне.
Права ўзняць сцяг спаборніцтваў было прадастаўлена капітанам каманд-пераможцаў мінулага года: Аляксею Бакунову (І ліга, ПС «Сянно») і Сяргею Камандышку (ІІ ліга, Сенненскае аддзяленне Дэпартамента аховы).
На жаль, сёлета ў чэмпіянаце ўдзельнічае значна менш каманд, чым летась. Таму спаборніцтвы праходзяць у адной лізе. Першымі выйшлі на пляцоўку пазмагацца сіламі валейбалісты з Сенненскага РАУС і ААТ «Літусава», Сенненскага РАНС і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Кожныя панядзелак і сераду ў 18.30 прыходзьце ў спартыўную залу СШ №1 г.Сянно паглядзець на захапляльнае спартыўнае відовішча!
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота Андрэя МУРАШЭВІЧА.