Начальник УВД Витебского облисполкома Виктор Сенько: количество заявлений и уведомлений о преступлениях снизилось
На прэс-канферэнцыі, якую даў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, прысутнічалі не толькі журналісты абласных выданняў, уласныя карэспандэнты рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Наш карэспандэнт таксама меў магчымасць задаць свае пытанні Віктару Сянько.
Даведка “ГС”. У 2016 годзе колькасць заяў і паведамленняў аб злачынствах знізілася да 35900, а крымінальна караемых – да 10855 (на 3,9%).
Зарэгістравана 459 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, 52 забойствы, 92 факты наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 23 разбойныя напады, 225 рабаванняў. Усе гэтыя паказчыкі ніжэйшыя чым леташнія.
Узровень крыміналізацыі на 10 тыс. насельніцтва на Віцебшчыне склаў 90,9 злачынства пры сярэднерэспубліканскім паказчыку 97,9.
ДЫНАМІКА ЗЛАЧЫННАСЦІ І ЯЕ СТРУКТУРА
За апошнія пяць гадоў колькасць злачынстваў скарацілася на 11,4%, тэндэнцыя набыла ўстойлівы характар. Цяжкіх цялесных пашкоджанняў стала менш амаль удвая. Значна знізілася колькасць разбойных нападаў і рабаванняў.
У структуры злачыннасці пераважаюць крадзяжы маёмасці – 44%. Прычыну гэтага праваахоўнікі бачаць у халатнасці ўласнікаў маёмасці, бо многія злачынствы здзяйсняюцца шляхам свабоднага доступу. Затое на дапамогу прыходзяць сістэмы відэаназіранняў, якія ўстанаўліваюцца пераважна ў грамадскіх месцах.
Даведка “ГС”. У вобласці функцыянуе 295 відэакамер. Летась з іх дапамогай раскрыта 52 злачынствы, да адказнасці прыцягнуты вінаватыя ў 20 адміністрацыйных парушэннях.
КАРУПЦЫЯ
Віцебская вобласць летась адзначылася некалькімі рэзананснымі злачынствамі з карупцыйнай афарбоўкай. У прыватнасці, узбуджаны крымінальныя справы ў адносін да былых старшынь райвыканкамаў за злоўжыванне, перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў. Выяўлены крадзяжы ў асабліва буйным памеры.
У судзе першай інстанцыі працягваецца разгляд справы ў адносін да былога дырэктара аднаго з цэнтраў падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Яму прад’яўлена абвінавачванне па 13 эпізодах атрымання хабару і 14 эпізодах службовага падлогу.
П’ЯНСТВА І НАРКОТЫКІ
Настойлівасць, з якой наркотыкі злачынныя элементы спрабуюць распаўсюджваць у Беларусі, выклікае сур’ёзную заклапочанасць у праваахоўнікаў. Яны лічаць, праз гэта існуе пагроза нацыянальнай бяспецы. Віктар Сянько расказаў, што ў 2016 годзе было ліквідавана 3 каналы пастаўкі наркатычных і псіхатропных рэчываў, з незаконнага абароту выведзена 80 кг наркотыкаў, спынена дзейнасць 13 інтэрнэт-магазінаў, праз якія яны распаўсюджваліся. Такая ж непрымірымая барацьба вядзецца са злоўжываннем алкаголю, які з’яўляецца матыватарам многіх злачынстваў, у першую чаргу тых, што адбываюцца ў сферы сямейна-бытавых адносін.
— Важна змяніць успрыманне алкаголю грамадствам. Ігнараванне яго, абмежаванне ўжывання павінна адбывацца на ўзроўні свядомасці, псіхалогіі, — лічыць Віктар Сянько.
ДАРОЖНАЯ БЯСПЕКА
Асноўная прычына дарожна-транспартных здарэнняў – парушэнні хуткаснага рэжыму. А таму важна выпрацаваць у свядомасці кожнага ўдзельніка дарожнага руху бяспечныя рэфлексы паводзін. Гэтаму садзейнічаюць 55 стацыянарных, 3 мабільныя датчыкі руху.
Нізкай застаецца культура паводзін пешаходаў. Нярэдка дарослыя, суправаджаючы дзяцей у школу ці дашкольную ўстанову, пераходзяць вуліцы незважаючы на правілы дарожнага руху. Такім чынам на ўзроўні падсвядомасці ў малых закладваюцца негатыўныя адносіны да ўстаноўленых правіламі паводзін, упэўнены Віктар Сянько. Тым не менш, у 2016 годзе зарэгістравана 424 ДТЗ (на 40 менш чым летась). Адбылося зніжэнне колькасці загінуўшых (на 8), атрымаўшых цяжкія цялесныя пашкоджанні ( на 7).
ПАЕХАЦЬ, КАБ ВЯРНУЦЦА
За год міліцыянерамі вобласці ўстаноўлена месца знаходжання 182 асоб, якія прапалі без вестак. 56 з іх шукалі больш года. Пераважная большасць гэтых людзей знаходзілася на тэрыторыі Расіі.
Застаецца актуальнай праблема гандлю людзьмі. У 2016 выяўлена 200 такіх злачынстваў, 46 з іх аднесена да катэгорыі цяжкіх.
Даведка “ГС”. У 2015 годзе названыя паказчыкі характарызаваліся наступнымі лічбамі: 116 і 7.
Нашымі землякамі гандлявалі як рабамі, выкарыстоўвалі ў якасці перавозчыкаў наркотыкаў, прымушалі да заняткаў прастытуцыяй.
У час прэс-канферэнцыі закраналіся таксама іншыя тэмы: злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, падлеткавая злачыннасць, міграцыйная палітыка, раскрыццё злачынстваў мінулых гадоў, работа ўчастковых інспектараў. Не магла не зацікавіць журналістаў ацэнка работы міліцыі грамадскасцю. Такія даследаванні штабам Міністэрствам унутраных спраў праводзяцца штогод. Дык вось, узровень поўнага даверу насельніцтва да міліцыі ў 2016 годзе склаў 68,8% — гэта самы высокі ў краіне паказчык.
Аляксандр ІЎЕЎ.