Сёлета спаўняецца 105 гадоў з часу, калі пачалі адкрывацца першыя беларускія легальныя школы.
13 лістапада 1915 года дзякуючы намаганням Баляслава Пачопкі (святар, выдавец, настаўнік, мовазнаўца, публіцыст) і Цёткі (Алаіза Пашкевіч) была створана першая пастаянна дзеючая беларуская школа ў Вільні, якая паклала пачатак масаваму беларускаму школьнаму руху. Гэту дату ў міжваеннай Заходняй Беларусі, ды і ў БССР у 1920-ыя гады, адзначалі як Дзень беларускай школы.
Паражэнчы настрой пасля Першай сусветнай вайны і натхняючыя рэвалюцыйныя падзеі 1917 года сталі тымі сацыяльна-гістарычнымі ўмовамі, дзякуючы якім пачалі закладвацца асновы нацыянальнай школы.
У 1918 годзе Марыя Бабіч, дачка памешчыка В.І. Бабіча, у маёнтку Рамшына Машканскай воласці размясціла пачатковыя класы з беларускай мовай навучання. Маючы адукацыю настаўніцы, яна сама выкладала ў гэтай школе, якая ў далейшым была ператворана ў базавую. Мабыць, і ў іншых маёнтках на Сенненшчыне адкрывалі школы, але звестак пакуль не знойдзена.
Спробы стварыць пачатковыя школы з навучаннем на беларускай мове былі і раней. Мала хто ведае, што ў 1908 годзе ў в. Сані Сенненскага павета працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). На жаль, гэта старонка біяграфіі беларускага песняра не прыцягнула пільнай увагі даследчыкаў-коласазнаўцаў.
Хаця цыркулярным распараджэннем Міністэрства адукацыі ад 6 студзеня 1864 года навучанне на беларускай мове было забаронена,а навучэнцам у навучальных установах забаранялася нават размаўляць паміж сабою, з настаўнікамі і чыноўнікамі на мясцовай мове, аднак у рэдакцыю газеты “Наша ніва” прыйшло пісьмо, аўтар якога пісаў, што збіраецца адкрыць прыватную беларускую школу для сялянскіх дзяцей, гатоў плаціць настаўніку “разы ў тры больш, чым дае казна”, і прасіў параіць добрага настаўніка. Пісьмо прыслаў вядомы на Магілёўшчыне памешчык К.А. Гардзялкоўскі, маёнткі якога былі раскіданы па ўсім Сенненскім павеце. Якуб Колас, які тады працаваў у “Нашай ніве” за 5 капеек у дзень, прыняў прапанову Гардзялкоўскага і прыехаў у маёнтак Габрылева, прапанаваў адкрыць школу ў вёсцы Сані. За памяшканне ў хаце селяніна Ларыёна Жураўлёва, школьны інвентар і работу настаўніка плаціў памешчык.
Жадаючых паступіць у гэтую школу было шмат, але настаўнік набіраў вучняў толькі ў чацвёрты клас. Жыхар вёскі П.С. Нарчук успамінаў, што было набрана каля 20 вучняў. Займаліся па праграме, складзенай Канстанцінам Міцкевічам у 1906-1907 гадах.
…Вельмі важнае значэнне ў станаўленні нацыянальнай школы ў Беларусі адыграла палітыка беларусізацыі. Яна прадугледжвала шэраг мер па развіцці эканомікі і нацыянальнай культуры БССР, расшырэнні сферы ўжывання беларускай мовы. Асабліва важным момантам новай палітыкі стала адраджэнне і ўкараненне ў жыццё беларускай мовы. Была распрацавана лексіка, граматычныя нормы, тэрміналогія беларускай літаратурнай мовы.
У 1926 годзе СНК БССР прыняў пастанову “Аб уводзе абавязковай усеагульнай адукацыі” (пачатковай у вёсках і сямігадовай у гарадах) для дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў.
15 верасня 1930 года прэзідыум Сенненскага райвыканкама прыняў рашэнне аб будаўніцтве сямі школ: у вёсках Асінаўка Беліцкага, Кляпчэва Пустынкаўскага, Багданава Расненскага, Марозаўка Нямойтаўскага, Войлева Машчонскага сельсаветаў, а таксама ў Алексінічах і Ходцах. У Сянне ў той час працавалі дзве беларускія сямігодкі, з якіх потым стварыліся 1-ая (беларуская) і 2-ая (руская) сярэднія школы.
* * *
У Віцебскім дзяржаўным архіве захаваліся матэрыялы, якія сведчаць пра тое, як “вучылі” ў беларускіх школах у час акупацыі.
Генеральны камісар Беларусі Вільгельм Кубе разумеў усю важнасць школьнай адукацыі для акупіраваных зямель. Бо менавіта ў школе закладваецца насенне ідэалогіі, якое потым узыдзе і ператворыцца ў светапогляд чалавека. Нацысты гэта выдатна разумелі.
Каб паўней уявіць намер захопнікаў у арганізацыі школьнай справы, звернемся да дакумента, які вызначаў часовы школьны парадак, выдадзенага Кубе ў верасні 1941 года. У ім гаварылася: “Клопаты аб беларускай культуры, звычаях і асвеце з’яўляюцца адной з істотных задач школ генеральнай акругі Беларусь. У сувязі з гэтым павінны быць прыцягнуты да настаўніцкай працы з далейшай праверкай ведаў па спецыяльнасці, маральных і палітычных поглядаў усе мужчыны і жанчыны, здольныя працаваць настаўнікамі. Выкладанне ў школах будзе на беларускай мове. У мясцовасцях, заселеных польскімі меншасцямі, у школах павінна быць не менш 6 гадзін у тыдзень заняткаў на беларускай мове”.
Па звестках Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, у студзені 1942 года выйшаў першы нумар часопіса “Беларуская школа” – органа інспектарыята Беларускіх школ пры Генеральным камітэце Беларусі. У дакуменце, апублікаваным у гэтым выданні, гаварылася: “Як настаўнік Германіі адыграў вялікую ролю ў адраджэнні Германіі, так і беларускі настаўнік павінен адыграць вялікую ролю ў адраджэнні беларускага народа”.
У Сянне ў 1942 годзе быў арганізаваны аддзел адукацыі з пададдзелам “Школьны”, які кіраваў усёй вучэбна-выхаваўчай работай навучальных устаноў раёна. Былі распрацаваны мерапрыемствы па адкрыцці школ. У дакуменце гаварылася: “Вучэбны план павінен змяшчаць вывучэнне роднай мовы…”
У дакументах Сенненскай райуправы за 1942-1943 гады за подпісам інспектара школ Туркова значыцца: у 1942-43 н.г. запланавана адкрыць 18 школ, з іх 5 — народных, 13 – пачатковых; у 1943-44 н.г. запланавана адкрыць 52 школы, з іх 16 – народных, 36 – пачатковых. Для нармальнага пачатку заняткаў трэба: сшыткаў – 100 000 шт., алоўкаў – 10 000 шт., ручак – 5000 шт., мелу – 4 цэнтнеры.
Не інакш як цынічнай заяву не назавеш. Пасля вызвалення паўднёва-ўсходніх тэрыторый Віцебскай вобласці ад акупантаў адкрылася жахлівая карціна: вучні 1926, 1927 і 1928 гадоў нараджэння амаль усе былі адпраўлены ў Германію. Шмат дзяцей малодшых узростаў памерлі з-за адсутнасці медыцынскай дапамогі, а таксама былі знішчаны разам з бацькамі. Аказалася, што ў тых нямногіх школах, якія былі адкрыты фашыстамі, навучанне вялося фармальна. Школьныя бібліятэкі падвяргаліся разбурэнню. У большасці не знішчаных акупантамі будынкаў школ адсутнічалі падручнікі, наглядныя дапаможнікі і пісьмовыя прылады…
Таццяна БУРАКОВА.
Публікацыя падрыхтавана па матэрыялах,
прадастаўленых Сенненскім раённым
гіторыка-краязнаўчым музеем.
К республиканской акции «Дай лесу новае жыццё» присоединились сотрудники прокуратуры, суда Сенненского района и районного…
Начальник отдела правовой, аналитической и методической работы аппарата ЦИК Елена Григорович на семинаре "Информационное сопровождение…
Дан старт IV республиканскому правовому турниру для старшеклассников «Сила Закона» Начат прием заявок на участие…
С целью развития туристического потенциала Республики Беларусь и привлечения внимания к богатым охотничьим традициям страны,…
В отделении комплексной поддержки в кризисной ситуации и дневного пребывания для граждан пожилого возраста г.п.…
«Пьяному и бесправному не место на дороге!» Под таким названием в период с 7 по…