ДЛЯ ПАЛЯЎНІЧЫХ, РЫБАЛОВАЎ. І НЕ ТОЛЬКІ

1++Адпачынак на ўлонні прыроды становіцца ўсё больш папулярным. І не толькі ў жыхароў мегаполісаў. Любяць у выхадныя пабыць разам у лесе, ля возера бацькі з дзецьмі, набірае моду карпаратыўны адпачынак.

Рынак паслуг чуйна рэагуе на попыт. На ім спрабуюць замацавацца фермеры, індывідуальныя прадпрымальнікі, апошнім часам — прадпрыемствы з дзяржаўнай формай уласнасці. У ДЛГУ “Багушэўскі лясгас” нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю паляўнічы комплекс “Кічына”. Ён складаецца з гасцявога дома на сем спальных месцаў, дома паляўнічага на тры асобы, лазні, дзвюх альтанак, павеці з прыстасаваннямі для раздзелкі паляўнічых трафеяў. Збудаванні ўзведзены з калібраванага лесу-кругляку.
2++Таму выглядаюць вельмі прывабна знешне, унутры напоўнены пахам смалы-жывіцы, водарам прыроды. У жылых пабудовах ёсць душавыя кабіны, посуд, кухонная мэбля, ложкі. Адна- і двухспальныя яны выраблены пад заказ з суцэльнай драўніны ў стылі «рэтра».
Як расказаў Мікалай Новікаў, паляўнічазнаўца паляўнічай гаспадаркі лясгаса, тры гады таму, калі толькі рыхтаваўся бізнес-праект, заказвалася каштарысна-праектная дакументацыя, сітуацыя ў паляўнічых угоддзях была кардынальна іншай. «Паляванне на дзікоў арганізоўвалася практычна без абмежаванняў на працягу ўсяго года, ахвочых паласавацца дзічынай, здабыць трафеі было хоць адбаўляй. Сярод паляўнічых пераважалі беларусы, хапала і замежных аматараў палявання. Зараз у нашай паляўнічай гаспадарцы мы можам прадаставіць паслугі па арганізацыі загоннага палявання на ласёў і аленяў, якое праводзіцца з 1 кастрычніка па 31 снежня», — патлумачыў ён.
У новых умовах работы ў лясгасе стаўку зрабілі на сямейны і карпаратыўны адпачынак. За непрацяглы час на паляўнічым комплексе «Кічына» пабывала група паляўнічых-расіян, будаўнікі з Віцебска, вялікая сям’я з Оршы адзначала юбілейны дзень народзінаў шаноўнага патрыярха. Нехта рыхтаваў ежу самастойна (для гэтага ў паляўнічым комплексе ёсць усё неабходнае), нехта заказваў яе ў рэстаране ў Багушэўску — да гарпасёлка 12 км. Каб прыгатаваць шашлыкі ці іншую страву на жывым агні, устаноўлены мангалы, наколаты дровы. Не праблема зварыць духмяную юшку. Возера — побач. Ёсць жаданне парыбачыць, можна ўзяць на пракат рыбалоўныя снасці. Хутка на Кічыне з’явяцца пірс, лодкі. Возера багата на рыбу. Але яго запасы нікнуць, калі ведаць, што побач, у нейкіх 5-6 км, знаходзіцца Багушэўскі рыбапітомнік. На ім прапануюць платную захапляльную рыбалку на карася, карпа. Пры жаданні тут можна набыць жывую фарэль.
3++Зрэшты, лепш адзін раз усё гэта выпрабаваць на сабе, чым прачытаць у газеце ці інтэрнэце. Тым больш, што паслугі комплекса «Кічына» даволі танныя. Суткі знаходжання адной асобы ў доме паляўнічага без ацяплення абыйдуцца ў 190 тыс. рублёў, з ацяпленнем — 240 000, крыху даражэй — у гасцявым доме. Яшчэ 300 тыс. рублёў давядзецца заплаціць за сеанс у тры гадзіны, калі захочацца папарыцца ў лазні.
Паляўнічы комплекс «Кічына» стаіць на высокім узгорку, на беразе аднайменнага возера, побач — вёска з такой жа назвай. Некалі на гэтым месцы быў фальварак. Звестак пра яго захавалася мала. Праўда, у кнізе К.Т.Анікіевіча «Сенненский уезд» на 70-й старонцы можна прачытаць, што ў руска-шведскую вайну (1700 — 1708), Сенненскі павет моцна пацярпеў. Баі на яго тэрыторыі не ішлі. Затое стаялі рускія войскі (Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзілі землі сучаснай Беларусі, была саюзніцай Расіі). Іх утрыманне легла на плечы мясцовых сялян і землекарыстальнікаў. Каб аблегчыць лёс насельніцтва, у 1712 годзе ваявода віцебскі Пацей вызваліў фальварак Кічына ад пастою Пяцігорскага палка.
Багушэўскі лясгас — шматпрофільнае прадпрыемства. Арганізацыя аграэкатурызму для яго не асноўная сфера дзейнасці. Тым не менш, галоўны ляснічы лясгаса Іван Бачарэнка лічыць, што гэты напрамак дзейнасці з улікам першага вопыту аказання паслуг, з улікам пажаданняў кліентаў будзе ўдасканальвацца і пашырацца.
Аляксандр ІЎЕЎ.
НА ЗДЫМКАХ: агульны выгляд паляўнічага комплекса «Кічына»; інтэр’ер аднаго з пакояў; так выглядае спальня для двух.

Прейскурант на услуги, предоставляемые на комплексе «КИЧИНО» ГЛХУ «Богушевский лесхоз».
Стоимость проживания в доме охотника (3 койко-места) В сутки с отоплением — 720000 руб., без отопления — 570000 руб.
Стоимость проживания в гостевом доме (7 койко-мест) в сутки с отоплением — 1820000 руб., без отопления — 1470000руб.
Услуги бани (1 сеанс продолжительностью 3 часа) — 300000руб.