На Сенненщине прошёл единый день информирования
На мінулым тыдні ў раёне праведзены адзіны дзень інфармавання насельніцтва. У працоўных калектывах абмяркоўвалася тэма “Перамога. Незалежнасць. Памяць”.
Напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, даты, што стала сімвалам незалежнасці і свабоды роднай зямлі, прыгадалі храналогію ваенных падзей.
Адна з інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама сустрэлася з калектывам Багушэўскай бальніцы сястрынскага догляду. З інфармацыйным паведамленнем перад прысутнымі выступіла галоўны ўрач ДУ “Сенненскі РЦГЭ” Сняжана Мяцеліца.
75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – вельмі важная для нашай краіны дата. У Беларусі памяць аб Вялікай Айчыннай вайне захоўваецца на працягу ўсіх пасляваенных гадоў. Аб ахвярах вайны і подзвігу беларускага народа сведчаць шматлікія абеліскі, мемарыяльныя комплексы, пахаванні. У маштабах рэспублікі праводзяцца шматлікія патрыятычныя акцыі, пошукава-доследныя работы, добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на тэрыторыі помнікаў, брацкіх магіл, дзе пахаваны абаронцы Айчыны, арганізацыя музейных экспазіцый і г.д. Тысячы беларусаў аддаюць даніну павагі героям-франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, прымаючы ўдзел у агульна-нацыянальнай акцыі “Беларусь памятае” з партрэтамі сваіх гераічных продкаў. ГА “БРСМ” запусціла моладзевы марафон “Беларусь помнит. Родные лица Победы”.
Сенненшчына актыўна ўключылася ў работу па падрыхтоўцы святкавання маючых адбыцца юбілейных дат. Створаны поўны банк даных на ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і грамадзян, прыраўнаваных да дадзенай катэгорыі.
Даведачна. Па стане на першае чэрвеня 2019 г. у Сенненскім раёне пражываюць: удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны-7; інваліды Вялікай Айчыннай вайны-3; сем’і загінуўшых-3; вязні-19; удзельнікі тылу-1; інваліды дзяцінства па наступствах Вялікай Айчыннай вайны-3; блакаднікі-2; рэпрэсіраваныя-6.
На пастаянным кантролі органаў улады знаходзіцца вырашэнне пытанняў сацыяльна-бытавога і медыцынскага абслугоўвання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Вялікая работа праводзіцца ў раёне па ўшанаванні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны. Так, у рамках выканання Дзяржаўнай праграмы па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў на 2015-2020 гады ў першым паўгоддзі 2019 года будуць асвоены з раённага бюджэту грашовыя сродкі ў памеры 10000 руб. на правядзенне рамонту і добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў. Зараз вядуцца будаўнічыя работы каля в. Казлоўка па ўстаноўцы новага памятнага знака «Боль» на месцы 965 расстраляных мірных жыхароў-вязняў Сенненскага гета.
Па ініцыятыве раённага Савета ветэранаў у Сянно добраўпарадкавана памятнае месца «Гай памяці», дзе праведзена санітарная высечка пашкоджаных і ўсыхаючых бяроз.
На сайце раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле «Кніга Памяці» размешчаны спісы загінулых, выяўленыя ў ходзе архіўна-доследных работ. На сённяшні дзень складзена падрабязная картатэка на 4701 загінуўшага воіна і земляка.
Прайшлі шматлікія патрыятычныя акцыі: «Падарунак ветэрану» (ТЦСАН), «Кветкі для пераможцаў» (РА ГА «Беларускі Фонд міру), «Дарогамі вызваліцеляў», дабрачынны марафон «75 добрых спраў!», Вахты памяці і інш.
У Дзень Перамогі сенненцы далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае!». У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 3 ліпеня, у парку 40-годдзя Перамогі г. Сянно можна будзе прыняць удзел у акцыі «Жураўлі нашай памяці» (своеасаблівым працягу акцыі «Беларусь памятае»): у неба будзе выпушчана 75 шароў з прымацаванымі папяровымі жураўлікамі, на якіх будуць напісаны імёны загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Падчас дня інфармавання ўзнімалася і пытанне дзіцячай бяспекі на летніх канікулах. Была агучана несуцяшальная статыстыка няшчасных выпадкаў з удзелам дзяцей, якія адбыліся на тэрыторыі вобласці і рэспублікі.
Напрыканцы сустрэчы жадаючыя маглі задаць асабістыя пытанні, якія затым былі перададзены па кампетэнцыі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.