Вынікі работы па добраўпарадкаванні падвялі ў Какоўчынскім сельвыканкаме

  Вынікі работы па добраўпарадкаванні, паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў, устаноў і арганізацый падвялі на чарговым пасяджэнні Какоўчынскага сельвыканкама.

     Як было адзначана ў інфармацыі, з якой выступіў кіраўнік спраў сельвыканкама Сяргей Цярэня, мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета былі зацверджаны на красавіцкім пасяджэнні сельскага выканаўчага камітэта.

     Гэта работа праводзілася сістэмна і мэтанакіравана. На Днях інфармавання насельніцтву тлумачылася неабходнасць захавання правілаў утрымання прыдамавых тэрыторый, раз’ясняліся пытанні, звязаныя з захоўваннем і вывазам бытавога смецця.

     Пачынаючы з сакавіка, на тэрыторыі сельсавета было праведзена 10 суботнікаў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Як адзначыў Сяргей Цярэня, усе кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў правільна разумеюць важнасць пытання, як і большасць жыхароў населеных пунктаў. Доказам гэтаму можа служыць работа па добраўпарадкаванні асабістых падворкаў у в.Бяленева, вынікі якой падвялі на свяце вёскі. Гаспадары лепшых падворкаў былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі. А сядзібу сям’і Мірановічаў упрыгожыла шыльда  “Дом узорнага парадку”.

     Не вельмі дбайных гаспадароў сельвыканкам заклікаў да парадку шляхам выдачы больш за 200 прадпісанняў па ўборцы прыдамавых тэрыторый.

     Сёлета добраўпарадкаванне пачалі з навядзення парадку на воінскіх пахаваннях і грамадзянскіх могілках. Быў зроблены капітальны рамонт помніка загінуўшым воінам і партызанам у в.Какоўчына. Сіламі сельскага выканаўчага камітэта праведзена ўборка грамадзянскіх могілак аг.Какоўчына, вёсак Івашкава, Даганоўка, Грузды, Літусава, Бортнікі.

     Вялікі аб’ём работ на замацаваных могілках Забараўя і Янова выканаў Багушэўскі спіртзавод: высечаны кусты, убраны аварыйныя дрэвы, вывезена смецце. На могілках в.Ледневічы пачало наводзіць парадак Багушэўскае лясніцтва.

     Прыкладам адказных адносін да ўтрымання прылягаючых тэрыторый, як было адзначана на пасяджэнні сельвыканкама, могуць служыць Яноўская і Какоўчынская ўстановы адукацыі, зона адпачынку па вул.Багушэўская ў аг.Янова, абуладкаваная Багушэўскім спіртзаводам. Гэтага, на жаль, нельга сказаць пра гандлёвыя кропкі, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета. А месцы для работы аўтамагазінаў нават не абсталяваны простымі лавачкамі.

     Разглядалася таксама пытанне выкарыстання ці кансервацыі пустуючых будынкаў.Уў бягучым годзе было знесена 2 будынкі былой школы ў аг.Літусава і жылы дом у в.Ледневічы.

     Не засталіся без увагі членаў сельвыканкама збор і ўтылізацыя смецця. Былі разгледжаны нявырашаныя праблемы. Напрыклад, з году ў год сельгасарганізацыямі не выконваецца графік збору і вывазу бытавых адходаў і смецця. Не з усімі вяскоўцамі заключаны дагаворы на выкананне гэтых работ. Праблемнымі застаюцца пытанні падбуртоўкі смецця на мініпалігонах. Асабліва турбуе ў гэтым плане звалка ў аг.Янова. Перыядычна ўзнікаюць несанкцыянаваныя звалкі. У 2017 годзе ліквідавана 5 такіх стахійна ўзнікшых палігонаў.

     У інфармацыі кіраўніка спраў былі таксама агучаны пытанні зносу старых дамоў, утрымання калодзежаў, зводу аварыйных дрэў; названы прадпрыемствы абласнога цэнтра, замацаваныя за населенымі пунктамі сельсавета. Адзначалася істотная дапамога ААТ “Аб’яднанне “Лотас”. Дапамогу ў добраўпарадкаванні аказвалі таксама раённыя арганізацыі — прадпрыемства бытавога абслугоўвання “Прэстыж”, Сенненскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый.

     Толькі скаардынаванымі дзеяннямі ўсіх зацікаўленых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый можна вырашыць задачу навядзення парадку ў сельскіх населеных пунктах, падкрэсліў у канцы свайго выступлення Сяргей Цярэня.

Таццяна БУРАКОВА.