Будущее за молодежью

Школьнікі павінны ведаць, што адбываецца ў краіне, упэўнены педагогі Машканскай школы. Таму на тэму, якая сёння хвалюе многіх грамадзян, — унясенне змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, пагаварылі са старшакласнікамі ўстановы адукацыі, паведаміла Крысціна Кушнір, член аб’яднання па інтарэсах Сенненскага РЦДіМ «Голас юнага краязнаўцы».

У форме адкрытага дыялогу з вучнямі 8-11 класаў была праведзена інфармацыйная га­дзіна «Змяненні ў Канстытуцыі Беларусі: ад ідэі да народнага абмеркавання». Мадэратарам мерапрыемства выступіла Таццяна Бабарыка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўнік гісторыі. Як адзначыла педагог, сёння моладзь уцягнута ў абмеркаванне Асноўнага Закону, і гэта зразумела, бо абноўлены дакумент будзе праца­ваць на будучыню нашай краіны і новага пакалення. «А будучыня — гэта вы, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ў хуткім часе пакінеце сцены школы і адправіцеся ў вялікі свет пад назвай жыццё», — акцэнтавала ўвагу Таццяна Міхайлаўна.

У навучэнцаў была магчымасць выказаць свой пункт гледжання па азначанай тэме. Бо гэта ёсць усенароднае абмеркаванне, якое нікога не пакінула абыякавым, адзначала Крысціна Кушнір.

Многія ўдзельнікі адкрытага дыялогу сышліся ў думцы пра тое, што ім блізкая ідэя захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Без мінулага няма будучыні, — гаварыла Анастасія Галаганава. — Сёння мы ганарымся смелымі, адданымі сынамі сваёй Радзімы, якія выратавалі нашу краіну і ўвесь свет ад фашызму. Наш святы абавязак — захоўваць праўду аб самай жудаснай вайне».

На подзвігах нашых герояў-землякоў мы вучымся. Пачуццё гонару адчувае кожны з нас, калі заходзіць у школьны музей баявой і працоўнай славы, адзначала Ульяна Прыстаўка. Для кожнага чалавека менавіта мінулае фарміруе сваю ўласную свядомасць. Таму і бягучы год, аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, будзе садзейнічаць гэтаму, гаварыла дзяўчынка.

Прагучала ў час інфармацыйнай гадзіны канстатацыя таго, што наша дзяржава падтрымлівае моладзь. Створаны ўсе ўмовы для атрымання адукацыі, самарэалізацыі, рас­крыцця творчага, спартыўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу.

Аказваецца падтрымка і сацыяльная абарона маладым спецыялістам, сем’ям. Для іх будуецца жыллё, звяртаў увагу Уладзімір Старамужаў. Вялікую дапамогу ў рэалізацыі моладзевай палітыкі аказвае БРСМ. Ён заўсёды ў цэнтры палітычных падзей. Удзельнічаючы ў рознага плана акцыях, важных справах дзяржавы, актывісты аб’яднання імкнуцца ўнесці пасільны ўклад у будучае краіны, адзначыў Аляксандр Уткін.

Гадзіны было мала, каб выказаць усе свае думкі наконт праекта змяненняў  і дапаўненняў Канстытуцыі, гаварыла Крысціна Кушнір. «Ска­заць, што нас тэма зацікавіла, значыць нічога не сказаць, — адзначыла дзяўчына. — Падводзячы вынікі дыялогавай пляцоўкі, мы, юныя машканцы, бачым нашу Беларусь квітнеючай дзяржавай, дзе камфортна жыць, працаваць».

Ала ЯКАЎЛЕВА.