Як праходзяць заняткі па лозапляценню ў Ходцах

 

 

 За шматгадовую гісторыю наш народ стварыў багатую і самабытную культуру, увасобленую ў архітэктуры, святочным адзенні, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, традыцыях нацыянальнай кухні, звычаях і абрадах. Створаныя па законах хараства вырабы народных майстроў не пакідаюць нас абыякавымі. Знаёмства з імі выклікае пачуццё гонару за свой народ, які ў самых цяжкіх умовах ствараў высокамастацкія вырабы з простых матэрыялаў: дрэва, гліна, салома, лаза , бяроста і інш. Традыцыі лозапляцення працягваюць жыць па сённяшні дзень. Хоць у сваім натуральным выглядзе промысел бытуе не так шырока, як раней.

 Сёння, на жаль, засталося няшмат людзей, якія валодаюць навыкамі лозапляцення. Але на Сенненшчыне такія людзі яшчэ ёсць.

 — У нашы дні гэта занятак асобных майстроў, носьбітаў традыцый распаўсю­джанага промыслу, — упэўнены кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Лозапляценне» Сяргей Грунтоў. — Адной з важных умоў паспяховай работы аб’яднання з’яўляецца пастаянная сувязь з такімі майстрамі з мэтай вывучэння іх вопыту ў галіне лозапляцення. 

 Сам жа Сяргей Генадзьевіч пачаў займацца лозапляценнем пасля заканчэння вуза. Некаторы час вывучаў тэматычную літаратуру, пакрысе паглыбляючыся ў гэту справу. Трэба адзначыць, што любоў да лазы перайшла ў спадчыну ад бацькі. З самага дзяцінства малодшы Грунтоў сачыў за гэтым працэсам і захапляўся вырабамі.

 Вось ужо 30 гадоў майстар не проста збірае вопыт, а знаёміць сваіх навучэнцаў з тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі. Школьнае аб’яднанне па інтарэсах працуе ўжо 17 гадоў. Сёння яно налічвае 12 дзяцей, якія кожную суботу прыходзяць да Сяргея Генадзьевіча, каб пас­прабаваць сябе ў гэтай няпростай справе і навучыцца чамусьці новаму. І ў іх гэта нядрэнна атрымліваецца. Некаторыя могуць выплятаць і дэкарыраваць вырабы розных форм і канструкцый з выкарыстаннем разнастайных прыродных матэрыялаў, спалучаючы ў адным вырабе розныя віды і спосабы пляцення. Аматары лозапляцення заўсёды прымаюць удзел як у раённых, так і абласных творчых конкурсах. Напрыклад, не так даўно ўдзельнікі аб’яднання атрымалі дыплом 2 ступені ў раённым конкурсе «Лёд. Кветкі. Фантазія». Сам жа Сяргей Грунтоў быў пераможцам міжнароднага свята-конкурсу майстроў лозапляцення «Лазовы прут-2016» у межах XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

 — У народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўвасобілася неабдымная, вечная душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ, — сцвярджае майстар Сяргей Грунтоў.

Вольга КАРПАВА. 

Фота аўтара.