Летний период — время, когда дорожники переходят на особый режим работы
Абкоска абочын, бягучы рамонт дарог, уборка прыдарожнага смецця — і гэта толькі частка таго, чым сёння заняты супрацоўнікі філіяла РУП “Віцебскаўтадор” ДЭУ-38.
Летні перыяд — час, калі дарожнікі пераходзяць на асаблівы рэжым работы.
Віктар Петаковіч, начальнік прадпрыемства, усю раскладку спраў трымае на асабістым кантролі. Без папер і ваганняў, часта адцягваючыся на тэлефонныя званкі, бо работа абавязвае, адказвае на пытанні карэспандэнта “ГС”. “Чаго хаваць, дарогі зношваюцца. Відавочна, што звязана гэта з імклівым павелічэннем колькасці транспарту. Безумоўна, і кліматычныя ўмовы істотна ўплываюць на якасць асфальтавага пакрыцця. Вы толькі ўспомніце мінулую зіму, — гаворыць Віктар Васільевіч. — Таму ў гэтыя дні ўсё і ўсюды трэба паспець спецыялістам, каб на нашых участках дарог вадзіцелям было камфортна”.
На сённяшні дзень на круглагадовым бесперабойным абслугоўванні філіяла знаходзіцца 270,391 км аўтадарог і не толькі ў Сенненскім, але і ў суседніх Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах, а таксама дзясяткі мастоў, стаянкі, аўтобусныя прыпынкі. Тры гады назад у структуру прадпрыемства ўвайшла лінейна-дарожная дыстанцыя, размешчаная ў Чашніках. А гэта не толькі дадатковая тэрыторыя, але і людзі, у прыватнасці, 18 чалавек. Усяго ж у ДЭУ-38 сёння рупяцца 62 работніка.
У арганізацыі ёсць усё неабходнае для выканання першасных задач, канстатуе Віктар Васільевіч, і што самае галоўнае — адказныя спецыялісты. Тут праца ладзіцца ў згуртаванай камандзе аднадумцаў.
У гэтым годзе згодна з планам па бягучым рамонце прадугледжана выкананне работ на трох аб’ектах. Праўда, на адным з іх, на ўчастках аўтадарогі Крычаў-Орша-Лепель, што праходзіць у раёне аграгарадка Полымя, работы ўжо выкананы. Тут пакладзена новае асфальта-бетоннае пакрыццё. На ліпень-жнівень запланаваны работы па рамонце пад’езда да чыгуначнага пераезда ў Чашніцкім раёне. Будзе таксама абноўлены дарожны ўчастак у Сенненскім раёне — ад вёскі Засценак да гарадскога пасёлка Багушэўск. У гэты ж перыяд плануецца правесці работы па нанясенні гарызантальнай разметкі на абслугоўваемых дарогах.
А ўжо з верасня пачнецца падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду. Гэта нарыхтоўка ўказальных вех, а таксама пясчана-салянай сумесі (ПСС), яе вываз на прыпынкі для грамадскага транспарту. Па словах Віктара Петаковіча, ПСС неабходна нарыхтаваць каля 8 тон.
Работы шмат. І ў тым, што дарожнікі справяцца бездакорна, не выпадуць з графіка, сумнявацца няма падстаў. А ў гэтыя дні іх асноўны клопат, гэта калі не гаварыць пра ямачны рамонт, абкоска палос адводаў, абочын. І ў вырашэнні гэтага пытання тут прыбягаюць да выкарыстання як механічных, так і ручных кос. Дарэчы, у спісе аказання платных паслуг філіяла абкоска запатрабавана жыхарамі Сенненшчыны. Нярэдка і кіраўніцтва некаторых арганізацый раёна звяртаецца ў ДЭУ-38 з просьбай дапамагчы ў гэтай справе.
Так, мужчыны сёння, як ў прынцыпе і ў іншыя дні, на перадавой дарожнай справы. Але поплеч з моцнай паловай чалавецтва тут рупяцца і прадстаўніцы прыгожага полу. Яны ўносяць важкі ўклад пры падрыхтоўцы дарог да асенне-зімовага перыяду: «Заняты на работах па афарбоўцы металічнай бар’ернай агароджы, пабелцы і пасадкі дрэў, збору смецця ўздоўж абочын.
Прысутнасць жанчын тут не менш важная, чым мужчын, упэўнены Віктар Петаковіч. Іх унёсак у жыццё калектыву відавочны. Нароўне з мужчынамі адказваюць за ўсё, што адбываецца ў дарожнай галіне раёна. Таму надзейнасць, уважлівасць – вось, бадай, тыя асноўныя жаночыя якасці, якія патрэбны на гэтым складаным прадпрыемстве. Спецыялісты якога нясуць адказнасць за стан дарог, а ў некаторай ступені — і за бяспеку на іх.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.