Пернік, прас і калаўрот, і многія іншыя рэчы мінулага з’явіліся ў музеі народнага побыту ў дзіцячым садку №3 Сянна

Пернік, прас і калаўрот, і многія іншыя рэчы мінулага з’явіліся ў музеі народнага побыту, што нядаўна распачаў сваю дзейнасць у трэцім дзіцячым садку райцэнтра.   

А пачалося ўсё з першага экспаната — калаўрота, які для музея ахвяравала музычны кіраўнік установы Галіна Магучая. Затым пакрысе сталі з’яўляцца гліняныя і саламяныя вырабы, ручнікі і вышыванкі – унёсак іншых супрацоўнікаў. Не засталіся ў баку і бацькі, якія падзяліліся з установай прадметамі побыту. Так, калекцыя паступова папоўнілася папярэднікамі сучаснай пральнай машынкі і праса – пральнай дошкай, пернікам, старадаўнім прасам на вуглях. Гэту кампанію ўдала дапоўніў каромысел, некалі незаменная ў вёсцы рэч, неабходныя прылады для прыгатавання ежы ў рускай печы — чыгункі і вілачнік, і інш. Паўнату калекцыі надала традыцыйная нацыянальная вопратка.

У народнае адзенне, дарэчы, была апранута і музычны кіраўнік Галіна Магучая, па сцэнарыі прэзентацыі  гаспадыня музея, якая правяла для першых наведвальнікаў, выхаванцаў садка, невялікі экскурс у мінулае. Дзятва з цікавасцю глядзела на невядомыя ім прадметы, мела магчымасць патрымаць экспанаты ў руках і нават пакаштаваць духмянай гарбаты з самавара.          

Як адзначыла загадчыца ўстановы Алеся Мінчанка, музей народнага побыту створаны ў рамках напрамку “Музейная педагогіка” і прызваны дапамагчы дашкольнікам далучыцца да нацыянальнай культуры, пазнаць свае карані і гісторыю. Алеся Мікалаеўна таксама запэўніла, што на гэтым развіццё праекта не спыніцца – музей будзе паступова папаўняцца і ўдасканальвацца.

Ганна КОРСАКАВА.

Фота аўтара.