ТАА «ЦэнтрІнвест» інвеставала каля 5 млрд беларускіх рублёў у базу адпачынку
На беразе возера Дзевінскае нават у гэтыя зімовыя марозныя дні працягваюцца будаўнічыя работы. Таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЦэнтрІнвест» у базу адпачынку, што, як мяркуецца, пачне прымаць наведвальнікаў гэтым летам, ужо інвеставала каля 5 млрд беларускіх рублёў. Зямельны ўчастак плошчай больш за 2 гектары перададзены таварыству ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.
— Аб’ект гатовы да ўводу ў эксплуатацыю на 85%, — расказаў дырэктар ТАА «ЦэнтрІнвест» Сяргей Кураедаў. — Фактычна будаўнікам засталося правесці аддзелачныя работы ўнутры памяшканняў і добраўпарадкаваць тэрыторыю.
База адпачынку складаецца з комплексу вытворчых памяшканняў і двухпавярховых жылых будынкаў. Апошнія разлічаны на дзве сям’і ад 4 да 6 чалавек ці групу людзей іншага складу. Акрамя камфортных умоў пражывання, адпачываючыя змогуць атрымаць паслугі, у залежнасці ад пажаданняў. Але ўхіл робіцца на аматараў прыроды, жыхароў буйных гарадоў, расіян. База адпачынку, безумоўна, зацікавіць тых, хто любіць павудзіць рыбу, бо возера славіцца сваімі рыбнымі запасамі. Паблізу знаходзяцца іншыя вадаёмы, у тым ліку рыбапітомнік, дзе вырошчваецца карась, карп, таўсталобік і, нават, чырвоная рыба. Мяркуецца арганізоўваць прагулкі па лесе на веласіпедах ці лыжах, снегаходах, конях — вярхом, у вазку, на санях. Для адпачынку на вадзе з’явяцца лодкі, катамараны, пляж. Навакольныя лясы багатыя на грыбы, ягады, дзічыну, што таксама паслужыць дзеля прыцягнення аматараў актыўнага адпачынку.
Не давядзецца сумаваць на тэрыторыі базы. Акрамя традыцыйных лазні, зоны адпачынку з мангаламі, печчу для прыгатавання ежы, будуць пабудаваны тэнісны корт, іншыя спартыўныя аб’екты. А якія з вакон дамоў адкрываюцца краявіды!
Яны таксама пасадзейнічаюць аздараўленчаму эфекту.
ТАА «ЦэнтрІнвест» мае розныя накірункі дзейнасці. У тым ліку працуе ў сферы будаўніцтва. Будаўнікі таварыства добра зарэкамендавалі сябе летась у Талачыне. А значыць могуць прэтэндаваць на будаўніцтва, рамонт аб’ектаў, што рыхтуюцца да сёлетніх абласных «Дажынак», якія, нагадаем, пройдуць у Сянне.
— Мы схіляем нашых партнёраў да больш цеснага і разнапланавага супрацоўніцтва, — не хавае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Галынчык.
А пакуль што ён рэгулярна наведваецца на будаўнічы аб’ект на беразе Дзевінскага возера, каб кантраляваць ход работ — давярай, але правярай.
Аляксандр Лазюк
НА ЗДЫМКАХ: Сяргей Галынчык (справа) на будаўнічым аб’екце; такі выгляд мае база адпачынку на возеры Дзевінскае зараз.
Фота аўтара.