Тэхнік-асемянатар — незаменны спецыяліст на ферме
Штучнае асемяненне — не толькі аснова селекцыі, але і самы прадукцыйны метад развядзення сельскагаспадарчых жывёл, а тэхнік-асемянатар — незаменны спецыяліст на ферме.
У СУП «Саўгас імя Машэрава» Надзея Цыпляк лічыцца адным з лепшых тэхнікаў-асемянатараў. Асноўны яе службовы абавязак — узнаўленне сельскагаспадарчых жывёл. Пачынала жанчына працаваць на свінагадоўчым комплексе. Неаднойчы прымала ўдзел у абласных прафесійных конкурсах, спаборніцтвах. У сувязі з пагрозай распаўсюджвання афрыканскай чумы свінапагалоўе ў сельгаспрадпрыемстве было ліквідавана. Надзея Сяргееўна закончыла месячныя курсы пры Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і перайшла тэхнікам па штучным асемяненні кароў і цялушак. Цяпер на яе абслугоўванні знаходзіцца 500 галоў буйной рагатай жывёлы на малочнатаварных фермах «Машканы» і «Ярошкі».
Як расказала галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Тамара Замасціновіч, менавіта тэхнік-асемянатар адказвае ў гаспадарцы за працэс узнаўлення па статку і ад яго ў многім залежыць вытворчасць малака, атрыманне прыплоду. Але для таго, каб атрымаць станоўчы рэзультат, неабходна строга прытрымлівацца тэхналогіі, старацца да мінімуму зменшыць ялавасць кароў і выбыццё высокапрадукцыйнага дойнага статка па прычыне гінекалагічных хвароб. Пасля расцёлу кароў па некалькі разоў на дзень неабходна праводзіць іх агляд. Акрамя таго, трэба весці штодзённыя назіранні за жывёлай. Уся неабходная інфармацыя аб жывёле (калі яна была асеменена, як расцялілася) абавязкова заносіцца ў спецыяльныя журналы.
— Пра важкі ўклад тэхніка-асемянатара ў развіццё жывёлагадоўлі гаспадаркі можна меркаваць па многіх параметрах, — паясняе Тамара Іванаўна. — Але найбольш яскравым пацвярджэннем вынікаў яго працы з’яўляецца высокі выхад цялят. У Надзеі Цыпляк, у прыватнасці, ён складае 100%.
Сама Надзея Сяргееўна адзначае, што ў яе рабоце шмат памочнікаў, — у сельгаспрадпрыемстве працуюць выдатныя спецыялісты. Жанчына цесна супрацоўнічае і з заатэхнікамі, і з ветурачамі.
— Адчуваеш асаблівае задавальненне, калі ў рабоце ўсё атрымліваецца, — з усмешкай працягвае жанчына. — Можа ў мяне, як кажуць, рука лёгкая.
Гледзячы на гэтую прыгожую, абаяльную жанчыну, адразу і не скажаш, што яна валодае такой не рамантычнай, і, нават, мужчынскай прафесіяй. З віду — гарадская жыхарка. І аказалася, што мы не памыліліся. Трыццаць гадоў назад Надзея разам з мужам пераехала ў Машканы з Віцебска. Абое закончылі швейнае вучылішча. Яна атрымала спецыяльнасць швачкі, ён — слесара-рамонтніка па абслугоўванні швейных машын. Як вядома, самае вострае пытанне горада — пытанне жылля — у сельскай мясцовасці вырашаецца прасцей. Так яны апынуліся ў Машканах. Вырасцілі сына і дачку, зараз маюць дваіх унукаў. Аб тым, што пераехалі ў аграгарадок, сужэнцы ніколі не пашкадавалі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: тэхнік-асемянатар СУП «Саўгас імя Машэрава» Надзея Цыпляк.