НЕ СЦЕРЦІ З ПАМЯЦІ
Удзельніку партызанскага руху Пятру Емяльянавічу Баркаўцу, жыхару в.Келісы Студзёнкаўскага сельсавета, сёлета споўнілася 90 гадоў.
У адзін з візітаў мы заспелі ветэрана не на ганку ўласнага дома ці ў ложку, што больш уласціва для чалавека сталага ўзросту, а ля аўталаўкі. Дзядуля клаў у старэнькую торбу прадукты харчавання. Зайшоўшы ў дом, Пётр Емяльянавіч сцішыў гук Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё.
— Вельмі люблю слухаць песні пра вайну. Іх, на жаль, сёння пачуеш хіба толькі на гэтай хвалі, — патлумачыў гаспадар. — На фронце, куды б ні ішлі, заўсёды спявалі. Такія песні, паверце, у народнай памяці застануцца жыць вечна».
Калі пачалася вайна, Пятру Баркаўцу было шаснаццаць. У войска падлетка, вядома, не прызвалі, але сядзець без справы, калі на родную зямлю прыйшлі ворагі, ён не мог. У лістападзе 1943-га Пеця разам з таварышамі пайшоў у партызанскі атрад «Казбек» брыгады «Аляксея» пад камандаваннем Аляксея Данукалава. Ішлі ў партызаны не з пустымі рукамі — неслі сабраныя на палях бітваў зброю і боепрыпасы. Самым каштоўным трафеем быў кулямет. Ужо там непаўналетні змагар пасцігаў ваенную справу: старэйшыя саслужыўцы вучылі падлетка валоданню зброяй, паказвалі, як падрываць масты. Ланцуг падзей пасля столькіх гадоў, зразумела, ветэран ужо не ў сілах дакладна аднавіць. Але самыя яркія моманты з ваеннага юнацтва яго памяць захавала і да нашых дзён.
… Зімой 1944-га атрад накіраваўся ў Лепельска-Полацкую партызанскую зону, у раён Ушачаў. Група, у якой спрабаваў выйсці з акружэння Пеця Баркавец, каціла за сабой гармату. На шляху паўстала водная перашкода — змерзлая рачулка. Нервовая пераправа набліжалася да канца, калі ля берага гармата разам з канём правалілася пад лёд. З усёй моцы, перамагаючы жах і жудасны холад ад знаходжання ў ледзяной вадзе, знямоглыя хлопцы ўтрымлівалі зброю і перапужаную жывёліну. Мокрыя, змерзлыя, у абледзянелай вопратцы, партызаны дайшлі да брыгады, якая дыслацыравалася ў раёне вёскі Вялікія Дольцы. Сустракаць іх выйшаў сам камбрыг. Аляксей Федаравіч абняў юнакоў і ціха сказаў: «Дзякуй, што прыйшлі жывымі». У брыгадзе малавопытнага ў вайсковай справе Баркаўца прызначалі на гаспадарчыя работы. Юны партызан збіраў па вёсках і дастаўляў у брыгаду прадукты і фураж, падвозіў падрыўнікоў да жалезнай дарогі, перавозіў параненых у шпіталь в.Кублічы.
А ў красавіку 1944 года пачалася найбуйнейшая карная аперацыя супраць партызан — Ушацкая блакада. 25 дзён і начэй шаснаццаць брыгад агульнай колькасцю больш за 17 тысяч чалавек стрымлівалі націск 60-тысячнай нямецкай арміі. Гэты час Пётр Баркавец успамінае, як самыя жорсткія і доўгія баі. «Паўсюль чулася стральба, выбухі, крыкі…». Ля вёсак Пліна і Паперына пасля працяглых баёў партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады.
Пасля таго, як залпы сцішыліся, на калёсы Баркаўцу паклалі моцна параненага чалавека, з-за крыві і бінтоў немагчыма было разгледзіць твар байца. Да параненага прыставілі ахову (чаго ніколі не рабілася раней) і загадалі Пятру як мага хутчэй ехаць у шпіталь у Кублічы. Паранены ўвесь шлях прасіў вярнуць яго наган, успамінае ветэран. Пазней высветлілася, што чалавек, якога ён вёз, быў не простым салдатам, а камбрыгам — Аляксеем Фёдаравічам Данукалавым…
У чэрвені 1944 года ў раёне возера Палік Пётр Баркавец патрапіў у палон. Разам з іншымі палоннымі партызанамі яго адправілі ў Германію. Жыў, калі гэта ўвогуле можна назваць жыццём, у лагеры, пасля быў пераведзены ў г.Фрайталь, дзе юнага сенненца штодзень ганялі на працу на лесапільны завод. Разам з савецкімі вязнямі там працавалі таксама палякі і галандцы. З ежы давалі поліўку з варанага гароху. У такіх умовах Пётр Емяльянавіч знаходзіўся да самага мая 1945-га. Вызваленне прыйшло з амерыканскімі войскамі. Пасля Перамогі наш зямляк яшчэ пяць гадоў праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі. Пра гэты перыяд свайго жыцця партызан сёння ўспамінае так: жылі з сябрам у чыстым і ўтульным пакоі, што пасля вайны было за шчасце.
Па вяртанні ў Беларусь працаўладкаваўся плотнікам у адной з віцебскіх будаўнічых арганізацый. Аднаўляў разбураныя і спустошаныя ворагам гарады — Віцебск, Магілёў. Пасля пераезду ў 1955 годзе на малую радзіму — у вёску Келісы на Сенненшчыне, дзе ўзначальваў у мясцовым калгасе імя Кірава будаўнічую брыгаду.
Нямала яго рукамі ўзведзена будынкаў. Нават сваю хату, ад падмурка да даху, ён паставіў уласнаручна. Адным словам, чалавек з залатымі рукамі. Сёння, прызнаецца Пётр Баркавец, зрабіў, мабыць, апошні свой «напамін» для дзяцей і ўнукаў — альтанку, што знаходзіцца ў двары яго дома.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.