Как выполняется работа по реализации Декрета №18, на днях обсуждали на заседании Немойтовского сельисполкома
На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне Нямойтаўскага сельвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб рабоце з абавязанымі асобамі, згодна з патрабаваннямі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18.
У сельсавеце пастаянна праводзіцца мэтанакіраваная работа па рэалізацыі Дэкрэта, які з аднаго боку прызваны забяспечыць абарону праў і законных інтарэсаў дзяцей у недабранадзейных сем’ях, а з дугога – павысіць адказнасць бацькоў, абавязаўшы іх кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей.
Адной з умоў выканання Дэкрэта з’яўляецца працаўладкаванне абавязаных асоб. Сельвыканкамам вызначаны пералік арганізацый, якія павінны працаўладкоўваць абавязаных асоб. Яны па магчымасці накіроўваюцца на рабочыя месцы з такой заработнай платай, якая дазваляла б забяспечыць поўнае выкананне абавязкаў па кампенсаванні расходаў дзяржавы, з улікам таго, што 30% заробку павінна застацца абавязанай асобе.
На тэрыторыі Нямойтаўскага сельсавета такіх пражывае 14 чалавек. Дзесяць з іх працуюць ва УП ”Дружбінец”, ААТ “Пурплева” і “Сенненскі райаграсэрвіс”. Адна абавязаная асоба знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, адна з’яўляецца пенсіянерам, дзве знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, адна працаўладкавана ў Сенненскае РУП ЖКГ. Як было адзначана на пасяджэнні сельвыканкама, актуальным з’яўляецца пытанне кантролю за яўкай гэтых людзей на працу. За 9 месяцаў бягучага года дзве абавязаныя асобы здзейснілі 28 прагулаў, нягледзячы на тое, што загадамі па сельгасарганізацыях вызначаны адказныя, якія павінны кантраляваць яўку абавязаных асоб на рабочае месца і выкананне імі працоўных абавязкаў.
Сельвыканкамам таксама ўдзяляецца вялікая ўвага прафілактыцы з мэтай недапушчэння сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей у сем’ях. Адпрацаваны парадак выяўлення і ўліку непаўналетніх, якія ўжо знаходзяцца ў такім становішчы.
Работа па выкананні Дэкрэта №18 вядзецца ў цесным узаемадзеянні сельвыканкама, устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, органаў унутраных спраў, сельгасарганізацый. Як адзначыў на пасяджэнні сельвыканкама яго старшыня Анатоль Бараноўскі, такое ўзаемадзеянне дае станоўчыя вынікі. Бацькі сталі менш злоўжываць спіртным, больш клапаціцца пра дзяцей, дастаткова ўвагі ўдзяляць іх выхаванню і вучобе. Работа з сем’ямі будзе працягвацца да ўстаранення прычын і ўмоў, якія вядуць да сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх, падкрэсліў кіраўнік мясцовай улады.
Асаблівая ўвага надаецца раннему выяўленню праблемных сем’яў, своечасоваму адабранню дзяцей у нядбайных бацькоў, ранняй прафілактыцы алкагалізму непаўналетніх. Немалаважную ролю ў дасягненні станоўчых вынікаў адыгрывае менавіта ўзаемадзеянне паміж усімі зацікаўленымі органамі і ўстановамі, прыйшлі да высновы ўдзельнікі пасяджэння.
У выніковым дакуменце было вырашана: правесці абследаванне жыллёва-бытавых умоў абавязаных на прадмет пажарнай небяспекі; прапанаваць грамадскім арганізацыям сельгаспрадпрыемстваў узяць пастаяннае шэфства над абавязанымі асобамі. Былі прыняты таксама іншыя рашэнні.
Наш кар.