Хозяин одной из агроусадеб Сенненщины восстановил древний источник
Пра крыніцу, якую мясцовае насельніцтва заве «Святой» (згодна з паданнем на яе месцы некалі стаяла царква, але аднойчы яна знікла пад зямлёй), жыхары бліжэйшых вёсак добра ведаюць. Яна выцякае з невялікай балацінкі, што знаходзіцца паміж урочышчам Кажаршчына і Заазер’ем. Некалі над ёй паставілі бетоннае кальцо, збудавалі зруб. Карысталіся і вадой.
З часам пакінулі хутар гаспадары Кажаршчыны, амаль апусцела Заазер’е. Зацягнулася раскай крыніца. Новае жыццё ёй надаў Дзмітрый Вільчынскі. Некалькі гадоў назад у Заазер’і ён на аграсядзібе «Спадчына» стаў аказваць паслугі аматарам адпачынку на прыродзе. Менавіта па яго ініцыятыве, пры матэрыяльнай падтрымцы крыніцу вычысцілі. Над ёй зноў паставілі зруб з накрыўкай, высеклі вакол кусты. Сёння да крыніцы можна даехаць нават на легкавіку — дарогу з Заазер’я расчысцілі.
А на днях протаіерэй Свята-Мікалаеўскага храма, што ў Сянне, благачынны Сенненскай акругі Мікалай Валачковіч правёў чын асвячэння вады ў крыніцы. Удзел у службе прынялі і нешматлікія заазерцы. Старэйшая жыхарка Заазер’я 82-гадовая Людміла Блашкова ўспомніла, што ваду з крыніцы любілі не толькі людзі, а нават і жывёла: «Каровы нават станавіліся на калені, каб напіцца».
Мікалай Валачковіч папрасіў умацаваць над крыніцай ікону, прадоўжыць добраўпарадкаванне навокал. Пасля службы некаторыя яе ўдзельнікі напоўнілі вадой прынесеныя ёмістасці. Вада не мае паху, прыемная на смак. І ўсё ж, думаецца, зрабіць хіміка-бактэрыялагічны аналіз было б зусім не лішнім. Тым больш што правесці яго па сілах спецыялістам РЦГЭ.
Аляксандр ЛАЗЮК.