В Сенно прошел праздничный парад Дедов Морозов и Снегурочек (+фотоотчет)
25 пар Дзедаў Марозаў і Снягурак, якія прадстаўлялі самыя розныя арганізацыі, прадпрыемствы раёна, установы адукацыі і культуры, у тым ліку сельскія клубы, раёна, прайшліся па галоўных вуліцах Сянна пад мелодыі навагодніх хітоў у выкананні духавога аркестра і дзяўчат-барабаншчыц. Па традыцыі парад галоўных зімовых чараўнікоў дае старт навагоднім святкаванням на Сенненшчыне.
Дадатковую маляўнічасць шэсцю надалі казачныя персанажы, героі народных гулянняў і адмыслова ўпрыгожаныя аўто — 13 транспартных сродкаў, удзельнічалі ў аглядзе-конкурсе “Навагодні Аўтарэстайлінг”.
Канцавым прыпынкам святочнай працэсіі стала цэнтральная плошча, дзе сабраліся шматлікія жыхары і госці райцэнтра. Было шмат сем’яў з малымі дзецьмі. Для іх гэты зімовы вечар стаў сапраўднай казкай.
Ужо са сцэны ўдзельнікі парада віншавалі сенненцаў з надыходзячым Новым годам. Акрамя таго, яны спявалі песні, забаўлялі, праводзілі гульні і конкурсы для дзяцей і дарослых. А Дзядулі і іх Унучкі прыемна ўразілі гледачоў танцавальным флэшмобам.
Дзятва з задавальненнем фатаграфавалася з навагоднімі персанажамі. Кожны мог расказаць зімовым чараўнікам вершык і атрымаць ласунак. Дарэчы, Дзядулі Марозы і Снягуркі таксама не засталіся без падарункаў. За удзел у парадзе ўсе навагоднія пары атрымалі салодкія прызы ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У аглядзе-конкурсе “Навагодні Аўтарэстайлінг” сенненцаў пакарыў трактар ДЭУ-38 “у вобразе” Дзеда Мароза. Другое месца прысуджана транспартнаму сродку РУП ЖКГ, трэцяе — раздзялілі РВЭС і Белпошта.
Ірына ХАСАНАВА.
Здымкі аўтара.