У ААТ «Сінягорскае» з карысцю выкарыстоўваюць адведзены для рамонту машынна-трактарнага парку час
У ААТ «Сінягорскае» добра ведаюць цану сялянскай працы і з карысцю стараюцца выкарыстаць адведзены для рамонту машынна-трактарнага парку час.
Для гэтага была праведзена дэфектоўка ўсёй тэхнікі, якая маецца ў таварыстве, пачынаючы з зернеўборачных камбайнаў, энерганасычаных трактароў, да кормаўборачнай тэхнікі, сельскагаспадарчых машын і прычэпаў. На машынным двары парадак: уся збожжаўборачная, глебаапрацоўчая тэхніка пастаўлена на працяглае захоўванне.
Па словах галоўнага інжынера гаспадаркі Віктара Сянько, гатоўнасць тэхнікі да вясенніх палявых работ складае 50%. Адрамантаваны культыватары, счэпка барон, два рухавікі на трактары Беларус-1212. Зараз вядзецца рамонт дыскатара.
Галоўная праблема, якая стрымлівае рамонтныя работы, недахоп грошай на набыццё запчастак. А вось тыя, што можна адрэстаўрыраваць, у ААТ «Сінягорскае» рамантуюць уласнымі сіламі. У гаспадарцы падлічылі, што гэта значна танней, чым набываць новыя. На спецыялізаванае прадпрыемства адпраўляюцца толькі тыя агрэгаты, наладзіць якія сваімі сіламі няма магчымасці.
— Кожны механізатар сам рамантуе замацаваныя за ім агрэгаты, — расказвае Віктар Генадзьевіч. — Работнікі зацікаўлены ў тым, каб трактары, прычапныя агрэгаты працавалі без збояў. Калі ж своечасова не падрыхтуеш глебу і не адсеешся, летам не атрымаеш высокага ўраджаю. У выніку ўсё адаб’ецца на эканоміцы гаспадаркі і зарплаце саміх механізатараў, тым больш што многія з іх у час жніва садзяцца за штурвал камбайнаў.
Сярод лепшых механізатараў гаспадаркі Віктар Сянько называе Аляксандра Галынчыка, які адказна адносіцца да любой даручанай справы, заўсёды старанна і ўмела працуе і на рамонце тэхнікі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: (справа налева) Віктар Сянько і Аляксандр Галынчык.
Фота Ірыны Хасанавай.