Як ідзе закуп бульбы ў Сенненскім райспажыўтаварыстве, расказвае намеснік старшыні па нарыхтоўках і знешнеэканамічнай дзейнасці Віктар Печанькоў
Восень запасае, зіма паядае, гаворыць вядомая прымаўка. Сёлета восень асабліва багата на ўраджай бульбы. Таму шмат уладальнікаў прыватных сотак жадаюць прадаць лішкі другога беларускага хлеба.
У бягучым годзе ўсяго нарыхтавана 220 тон бульбы, 40 з якіх пайшло на рэалізацыю праз рознічную гандлёвую сетку раёна і ў Расіі. Для закладкі на захаванне неабходна 180 тон. Гэта бульба закупаецца ў насельніцтва па цане 16 капеек за 1 кілаграм. Цана не вельмі высокая, таму што бульба ўрадзіла, і жадаючых здаць яе шмат, а магчымасці закупу абмежаваныя. Можам нарыхтаваць столькі, колькі зможам прадаць.
Патрабаванні да якасці прадукцыі прад’яўляюцца адпаведна ДАСТу. Здаваць бульбу трэба ў сетках для гародніны, у якіх яна будзе і рэалізоўвацца, бо захоўваць клубні валам няма тэхнічнай магчымасці. Да таго ж, у сетцы адразу бачна якасць прадукта.
Бульбу можна здаць у магазіны спажыўтаварыства. Выязджаюць да здатчыкаў і нарыхтоўшчыкі.
Па плане ў сховішча трэба закласці яшчэ 80 тон капусты, па 15 тон буракоў і морквы, 30 – цыбулі, 17 – яблыкаў, прыёмка якіх працягваецца.
Таццяна БУРАКОВА.
Фота аўтара.