Сенненскі раённы камітэт прафсаюзаў АПК набыў абутак для вясковых дзяцей
Другі год запар раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК у рамках правядзення пераднавагодняй дабрачыннай акцыі “Прафсаюз – дзецям” з дапамогай спонсараў набывае абутак для вясковых дзяцей, чые бацькі працуюць у сельскай гаспадарцы.
-Дапамагаем дзецям са шматдзетных сем’яў, якія жывуць у малазабяспечаных сем’ях, выхоўваюцца адным з бацькоў, — удакладніў Аляксандр Макаранка, старшыня РК прафсаюза работнікаў АПК.
На днях ён разам з начальнікам райсельгасхарча Аляксеем Дойліным і старшынямі прафсаюзных камітэтаў сельгасарганізацый ААТ “Белая Ліпа”, “Ульянавічы”, “Сенненскі райаграсервіс” і УП “Дружбінец” перадалі 20 пар зімовага абутку вытворчасці ОАО “Марка” вясковым дзецям. Разам з ботамі малыя атрымалі салодкія падарункі.
Сродкі на набыццё абутку Сенненскаму раённаму камітэту прафсаюза перадалі шэраг прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, у тым ліку Заходнедзвінская МРС, якую ўзначальвае былы старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Зельман. Прадпрыемства-вытворца абутак адпусціла па яго сабекошце.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: падарункі прымаюць дзеці Тамары Матыгінай, аператара машыннага даення ААТ “Белая Ліпа”.
Фота аўтара.