У сядзібу за адпачынкам
Калі вы гараджанін і на выхадных вам няма куды адправіцца, а да прыроднай цішы і вясковага краявіду вельмі цягне — наведайце сенненскія аграэкасядзібы.
У канцы мінулага года іх спіс папоўніўся дзвюма новымі кропкамі — у вёсцы Бярозкі і аграгарадку Машканы. Сёння на Сенненшчыне налічваецца 13 аб’ектаў агратурызму.
Аграэкасядзіба СФГ «Лапеха» размешчана паблізу ад райцэнтра, у вёсцы Свабоднае. Аматары адпачынку могуць размясціцца ва ўтульным двухпавярховым драўляным доме. На тэрыторыі сядзібы ёсць лазня і басейн. Прыгатаваць шашлык і юшку можна на спецыяльна абсталяванай для гэтага пляцоўцы. Па жаданні, гаспадары арганізуюць паляванне. Ёсць памяшканне для правядзення шматлюдных карпаратываў і ўрачыстасцяў. Добраўпарадкаванне тэрыторыі плануецца завяршыць да лета. Аднак гаспадары аграэкасядзібы ўжо сёння прымаюць першых гасцей.
Жадаючых правесці некалькі дзён у інтэр’еры беларускай сялянскай хаты запрашае да сябе аграсядзіба «Спадчына», што знаходзіцца ў вёсцы Заазер’е. Аматары рыбалкі могуць закінуць снасці ў воды ляснога возера. Прыгатаваць шашлык ці юшку, папарыцца ў лазні, пакатацца на лодцы ці вярхом на кані, згуляць у більядр ці пінбол — для ўсіх гэтых забаў у «Спадчыне» створаны добрыя ўмовы. Турыстычная кропка раёна парадуе сваімі вырабамі з дрэва. Казачныя героі, мэбля, іншыя дэкаратыўна ўпрыгожаныя рэчы выраблены гаспадаром сядзібы.
Інфармацыю пра названыя і іншыя аграэкасядзібы Сенненшчыны можна знайсці на сайце райвыканкама senno.vitebsk-region.gov.by у раздзеле «турызм» —»Суб’екты турыстычнай дзейнасці».
Ірына ГАРБАЧОВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.