Вясну ў аграгарадок Багданава на крылах прыносяць буслы.
Першае, пра што падумалі мясцовыя жыхары, калі ўбачылі, як зносяць вежу, дык пра сваіх буслоў. «Што будзе з птушкамі? Мала таго, што пакрыўдзяцца — у іх будзе мала часу, каб знайсці і добраўпарадкаваць новае жыллё для патомства», — з цеплынёй у голасе, не хаваючы эмоцый, гаварыла Людміла Шарпіла. Для яе дачкі Наталлі, якая часта прыязджае з Мінску, гэтыя птушкі асацыіруюцца з дзяцінствам, з родным домам. «Мы ўвесь перыяд, пачынаючы з красавіка і амаль да канца жніўня, нібы пад нябачнай аховай буслоў, — адзначыла дзяўчына. – Раніцу з імі сустракаем. Пад птушыны клёкат радуемся за іх падросшых пярнатых малышоў».
Сказаць шкада, што вежу знеслі, значыць нічога не сказаць. Яшчэ доўга ў засмучаных пачуццях знаходзіліся мясцовыя жыхары, дачнікі з Віцебска, якія таксама засталіся неабыякавымі да таго, што здарылася. Перажывалі, што не дадумаліся выкупіць вежу, каб захаваць яе для птушак. Наталля нават з’ездзіла ў райцэнтр і набыла вялікую фігуру бусла. Паставіла ля дома маці ў напамін пра тое, што непадалёк калісьці месціліся буслы.
І ўсё ж праз колькі часу на агульным сходзе было вырашана самім зрабіць гняздо для птушак. Знайшлі вялікія слупы, засталося іх толькі ўкапаць і абуладкаваць гняздо. На дапамогу сваім суседзям прыйшоў Аляксей Гарбачоў, механізатар філіяла ВДМС, які і прапанаваў пад новы дом для буслоў прыстасаваць высокую гонкую бярозу, што расла на тэрыторыі яго дачнага ўчастка. «Гэта быў самы аптымальны варыянт, на які мы згадзіліся, — расказвае Людміла Алегаўна. – Аляксей зрэзаў верхавіну дрэва, потым у адзіночку зацягнуў туды сельскагаспадарчую барану. Замацаваў яе як трэба, наклаў салому, галінкі дрэў».
Справа была зроблена на сумленне. Літаральна на наступны дзень прыляцелі буслы. Яны доўга кружылі ў пошуках абжытага гадамі месца. Не знайшоўшы вежы, зніклі ў нябеснай далечыні. Але на наступны дзень вярнуліся зноў. Лёталі над бярозай, аднак не селі. «Мы нават у інтэрнэце адказ шукалі, чаму не гняздзяцца буслы, — адзначыла Людміла Шарпіла. – Прыйшлі да высновы, што Аляксей шмат галінак пакінуў, а гэтым птушкам патрэбна чыстае прасторнае месца, бо самі яны вялікія і размах крылаў складае 1,5 – 2 метры. Дамовіліся крыху пачакаць, паглядзець, што будзе».
Не перадаць словамі, колькі было радасці ў багданаўцаў, калі ўсё ж адзін з буслоў сеў у гняздо. Потым да яго прыляцеў другі. Птушкі пачалі абжываць новае месца. Завіхаліся ля гнязда, у дзюбах прыносілі сюды яшчэ галінкі, мох.
«Чаго хаваць, мы былі ўпэўнены, што пярнатыя сябры прыляцяць і прыжывуцца, — смяецца мая суразмоўца. – Спрадвек людзі лічылі, што буслы селяцца толькі ля добрых, працавітых людзей. Нават пакінутае на зіму гняздо ахоўвала дом ад злых духаў. А наш Аляксей Гарбачоў менавіта такі чалавек, на якога трэба раўняцца».
Сёння, праязджаючы праз аграгарадок і гледзячы, якую работу зрабілі людзі, унутрана радуешся – малайцы багданаўцы! Не засталіся ўбаку ад праблем братоў нашых меншых. Хто ж калі не мы, людзі, павінны дапамагаць жывой прыродзе.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота прадастаўлена Наталляй Шарпіла.
К республиканской акции «Дай лесу новае жыццё» присоединились сотрудники прокуратуры, суда Сенненского района и районного…
Начальник отдела правовой, аналитической и методической работы аппарата ЦИК Елена Григорович на семинаре "Информационное сопровождение…
Дан старт IV республиканскому правовому турниру для старшеклассников «Сила Закона» Начат прием заявок на участие…
С целью развития туристического потенциала Республики Беларусь и привлечения внимания к богатым охотничьим традициям страны,…
В отделении комплексной поддержки в кризисной ситуации и дневного пребывания для граждан пожилого возраста г.п.…
«Пьяному и бесправному не место на дороге!» Под таким названием в период с 7 по…