Тысячи цветов украсят улицы Сенно и района
Петунія, іразіна, сальвія, цынерарыя, бакопа… Гэтыя і яшчэ столькі ж гатункаў кветкавых раслін розных відаў у хуткім часе ўпрыгожаць Сянно і іншыя населеныя пункты раёна.
Вырошчваннем усёй гэтай прыгажосці займаюцца тэхнікі па азеляненні РУП ЖКГ, маладыя спецыялісты Вераніка Пятруша і Зінаіда Новікава, пад кіраўніцтвам майстра шматгаліновых паслуг Галіны Саракалетавай, якая адзначае стараннасць, любоў да сваёй карпатлівай справы, адказнасць і прафесіяналізм дзяўчат.
— Кветкі, як дзеці. Патрабуюць такіх жа ўважлівых, беражлівых адносін, — лічаць выпускніцы Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, якія даглядаюць сваіх гадаванцаў і на працягу ўсяго лета, а расткі расады ласкава называюць «кнапышамі».
— Летась да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2016» горад набыў новае аблічча. Цяпер нам трэба трымаць марку – захоўваць парадак і чысціню, рабіць нашы вулічы і двары яшчэ больш прыгожымі і ўтульнымі. Кветкі тут – незаменныя памочнікі, — гаворыць Галіна Саракалетава.
Камунальнікі займаюцца імі больш за дзесяць гадоў, штогод удасканальваючы тэхналогію. Сёлета кветкі вырошчваюцца ў двух парніках з полікарбанату, размешчаных на тэрыторыі ПС «Сянно», што вельмі зручна ў плане захаванасці раслін і саміх збудаванняў. Парнікі, дарэчы, камунгас пабудаваў сваімі сіламі, тым самым зэканоміўшы на набыцці «фабрычных». Акрамя таго, скрыні з падрошчанай ужо расадай для першачарговай высадкі знаходзяцца ў падсобным памяшканні кацельні перапампоўваючай станцыі.
У мінулым годзе было высаджана 20 тысяч кветак. Сёлета райцэнтр, Багушэўск і Машканы, якія рыхтуюцца да раённых «Дажынак», упрыгожаць 50-60 тысяч рознакаляровых раслін, што па плошчы ў агульным выніку складзе цэлы гектар. У гэтым годзе плануецца аздобіць Сянно вялікай колькасцю такіх малых архітэктурных форм, як вертыкальныя клумбы, што надасць гарадскому ландшафту своеасаблівую непаўторнасць.
Кветкаводы РУП ЖКГ штогод імкнуцца абнаўляць асартымент сваёй цудоўнай прадукцыі больш сучаснымі гатункамі. Выкарыстоўваюць не толькі тое насенне, якое восенню збіраюць на кветкавых клумбах, але і закупляюць новае у мінскай фірме «Зялёны аксаміт». Тавар гэтага прадпрыемства галандскай и нямецкай селекцыі, зарэкамендаваў сябе добрай усходжасцю.
— Канчатковы вынік нашай работы абавязкова павінен быць станоўчым. Калі рассада «не ўдасца», застанемся без кветак. Таму не толькі да догляду за раслінамі, але і да выбару насеннага матэрыялу падыходзім вельмі строга, — падкрэслівае Галіна Міхайлаўна.
Дарэчы, камунальнікі могуць прапанаваць насенне кветак насельніцтву і арганізацыям, а пасля высадкі раслін на клумбы – і рэшткі расады, якой вырошчваецца больш, чым спатрэбіцца.
— Сёлета высаджваць кветкі прыдзецца, напэўна, пазней звычайнага. Халоднае надвор’е можа адмоўна паўздзейнічаць на далікатныя расткі, — дзеліцца сваімі думкамі Галіна Саракалетава.
Але ўрэшце, няхай і крыху пазней, наш горад заззяе шматлікімі рознакаляровымі зорачкамі кветак – гэтых цудоўных твораў прыроды і рук чалавека.
Таццяна БУРАКОВА.
Р.S. Работнікі ЖКГ просяць жыхароў горада і раёна беражліва адносіцца да створанай для іх прыгажосці.
На здымку: кветкаводы РУП ЖКГ за работай.
Фота аўтара.