На Сенненщине прошёл пробег памяти П.М.Машерова
Каля 400 юных спартсменаў і аматараў здаровага ладу жыцця прынялі ўдзел у 32-м лёгкаатлетычным прабегу памяці П.М.Машэрава, які адбыўся ў мінулую суботу ў Сянне.
І нягледзячы на тое, што на гэты раз стартавалі выключна сенненцы, бо, на жаль, у сілу розных абставін на марафон не прыехалі спартсмены з іншых рэгіёнаў, мерапрыемства прайшло на “ура”. Святочная і дружалюбная атмасфера царыла на працягу ўсяго марафону. Людзі шчыра ўсміхаліся адзін аднаму і гучна скандзіравалі ў падтрымку бегуноў: “Давайце! Малайцы!” Усё гэта вельмі матывавала і давала сіл — ужо пасля, у час узнагароджання, адзначалі ўдзельнікі прабегу.
Дыстанцыі, якія арганізатары прапанавалі пераадолець па вуліцах горада і яго наваколлях, былі разлічаны на любы ўзровень падрыхтоўкі: 1 км, 3 км, 5 км і 10 км. Апошнія дзве – толькі для дарослых бегуноў. У астатніх у розных узроставых катэгорыях спаборнічалі нават дзеці ад сямі гадоў (7-9 гадоў – толькі 1 км) і падлеткі.
На гэты раз юных сенненцаў было шмат. Шмат было людзей і з боку групы падтрымкі. І гэта былі не толькі бацькі, бабулі і дзядулі, сябры. Прыйшлі нават настаўнікі. Асабліва хлявалася за сваіх выхаванцаў Людміла Еўдакімава, настаўніца 4 класа Багданаўскай ДСПШ. У прыватнасці, з яе класа ў марафоне ўдзельнічалі 4 навучэнцы.
Самым яркім і відовішчным стаў забег юных удзельнікаў мерапрыемства. Яны, дарэчы, і адкрылі машэраўскія старты. У гэтым годзе каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 5-6 гадоў пераадольвалі дыстанцыю ў 200 метраў. Былі сярод усёй гэтай масы і зусім маленькія спартсмены. На старце, трымаючы за руку трохгадовага сына Паўла, перажывала яго маці Анастасія Прачуханава. “У сына — першы старт у жыцці, — расказвала яна. — Але гэта было яго жаданне стаць у рад з такімі, як і ён сам, малышамі”.
Некаторых юных спартсменаў на працягу ўсяго забегу суправаджалі іх таты і мамы, падбадзёрваючы і падказваючы тактыку праходжання дыстанцыі. На фінішы кожны юны ўдзельнік быў заахвочаны салодкім прызом, якія прадаставіла раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. А для пераможцаў арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі і дыпломы.
У Варвары Раманенка, якая заняла другое месца сярод дзяўчынак, гэта першае яе дасягненне ў спорце. Дзяўчынцы ёсць на каго раўняцца: яе старэйшы брат Аляксей наведвае секцыю грэка-рымскай барацьбы Сенненскай СДЮШАР. “Ён не прапапусціў ні адзін машэраўскі прабег, — адзначыла іх маці Надзея. – Не за высокімі ўзнагародамі мае дзеці сюды прыходзяць кожны год, а каб акунуцца ў атмасферу спаборніцтва, паспрабаваць свае сілы. Менавіта такія мерапрыемствы і патрэбны нам”.
Шмат вышла спартсменаў на дыстанцыі 3 і 5 км. У пазаконкурсным забегу на 1 км таксама стартавала вялікая колькасць аматараў спорту.
Прыемна, што з году ў год актыўнымі ўдзельнікамі марафону становяцца каманды працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Так, сёлета падтрымалі марафон спартсмены ДЭУ-38, ПС “Сянно”, РАНС, РЦДіМ, аддзела па адукацыі райвыканкама і іншыя.
Па выніках забегу вызначыліся 48 пераможцаў і прызёраў у розных намінацыях. Усе яны атрымалі медалі, а ўладальнікі першых месцаў былі заахвочаны грашовымі прызамі. Усім удзельнікам спаборніцтва ўручылі памятныя вымпелы.
Малайцы, а інакш і не назавеш Антона Чэпікава, інструктара-метадыста ФСК “Алімп”, і Вераніку Гардзюк, тэхнічнага работніка першай гарадской школы, якія сталі пераможцамі ў забегу на 10 км.
Па інфармацыі сектара спорту і турызму райвыканкама, тое, што ў гэтым годзе на прыступцы п’едэстала апынулася і прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва – двайная перамога. Справа ў тым, што ў апошнія гады жанчыны не рэгістраваліся на гэтую дыстанцыю.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.