В прокуратуре района новый сотрудник
У пракуратуры раёна новы супрацоўнік. Намеснікам пракурора з 11 лістапада працуе Яўген Домкін, выпускнік юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 2010 года.
— Яўген Віктаравіч, прозвішча Домкін даволі распаўсюджана сярод жыхароў раёна, асабліва багушэўцаў.
— Сенненшчына не чужая для мяне. У вёсцы Рэчкі, што непадалёк ад Багушэўска, нарадзіўся мой бацька. У час школьных канікул я часта бавіў вольны час з бабуляй і дзядуляй, нярэдка бываў у Багушэўску. Так што, калі прапанавалі працу ў пракуратуры Сенненскага раёна, без ваганняў пагадзіўся.
З асабістай справы
Пасля заканчэння навучальнай установы Яўген Домкін атрымаў размеркаванне ў Віцебскую міжгарнізонную ваенную пракуратуру на пасаду памочніка пракурора.
— Чаму ваенная пракуратура? Вы выбіралі ці вас выбралі?
— У час вучобы я займаўся на ваеннай кафедры. І перад размеркаваннем ужо меў званне лейтэнант. Менавіта таму мне і паступіла прапанова размеркавацца ў ваенную пракуратуру. Так што выбар быў узаемны. Ужо ў час першай праверкі, якую я праводзіў на палігоне ў Заслонаве, зразумеў, што, не маючы хаця б пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, са сваімі абавязкамі я не справіўся б.
— Як трапілі ў “грамадзянскую” пракуратуру?
— У 2014 годзе ваенную пракуратуру, як установу, ліквідавалі. Зараз гэта невялікія аддзелы ў абласных пракуратурах. У выніку я трапіў на часовую пасаду старшага памочніка пракурора Аршанскага раёна. Потым была праца ў абласной пракуратуры ў аддзеле па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах. Нягледзячы на непрацягласць працы, я атрымаў добры вопыт. Напрыклад, мне давялося падтрымліваць абвінавачванне ў шматэпізоднай справе па забойстве. Былі і іншыя крымінальныя справы, што разглядаліся ў судзе ў сувязі з учыненнем цяжкіх, асабліва цяжкіх злачынстваў.
Перад пераездам у Сянно я зноў працаваў у пракуратуры Аршанскага раёна памочнікам пракурора.
— Орша ў непрацяглай вашай працоўнай біяграфіі ўзнікае раз за разам…
— А як інакш! У Оршы я нарадзіўся, тут жывуць, працуюць мае родныя. Бацька, дарэчы, служыў у міліцыі, зараз суддзя.
— Такім чынам вы працягваеце сямейную справу?
— Можна сказаць і так. Бацька не толькі з’арыентаваў мяне ў прафесійным выбары, ён шмат дапамагаў мне на пачатку маёй службы сваімі парадамі, маральнай падтрымкай.
З асабістага
Яўген Домкін жанаты. У сям’і выхоўваюцца двое сыноў, старэйшы — школьнік.
— У пракуратуры Сенненскага раёна намеснік пракурора спецыялізуецца на крымінальных справах…
— Так, згодна з загадам пракурора на мяне ўскладзены нагляд за дзейнасцю раённага аддзела Следчага камітэта, раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, я буду каардынаваць работу па супрацьдзеянні карупцыі.
— У Сянне вы вельмі непрацяглы час. Тым не менш спытаю — якія першыя ўражанні ад горада, калектыва?
— У Сянно вельмі ўтульна, чыста на вуліцах, гараджане ўсмешлівыя. Асноўныя дзяржаўныя ўстановы, многія магазіны размешчаны кампактна, зручна. Адным словам, для жыцця ёсць усё неабходнае. У калектыве таксама прынялі цёпла. Адчуваецца, што гэта адзіны, добра адладжаны механізм — стаў у сваю каляіну і працуй.
Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.
Фота аўтара.