Сенненскія біятланісты задаюць тон
У канцы сёлетняга года ў Беларусі адзначылі 110 гадавіну з нагоды зараджэння прафсаюзнага руху і 80-годдзе прафсаюзнага спорту.
Валерый Лектараў — адзін з самых вядомых у нашай краіне трэнераў па біятлоне. На працягу многіх гадоў ён працуе не толькі ў Сенненскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву, але ў спартыўнай школе аб’яднання прафсаюзаў «Алімпіец». За поспехі ў трэнерскай рабоце Валерыя Міхайлавіча ўзнагародзілі медалём «110 гадоў прафсаюзнага руху».
— Якія яшчэ значныя падзеі адбыліся ў вашым жыцці і жыцці вашых выхаванцаў у 2015 годзе? — запыталіся мы ў знакамітага трэнера Рэспублікі Беларусь.
— На цырымоніі ўручэння ўзнагарод прафсаюзным актывістам было заяўлена, што ў наступным годзе завершыцца будаўніцтва базы біятлона ў Сянне. Асабіста для мяне гэта стала б самай высокай узнагародай.
Парадавалі мяне выхаванцы. Замацавалася ў зборнай краіны па біятлоне, паказвае стабільныя вынікі на этапах Кубка Ірына Крыўко. У складзе зборнай юніёраў Беларусі рыхтуецца да чэмпіянату Свету Віктар Крыўко.
З маладзейшых хацеў бы адзначыць поспех Ільі Аўсеенкі. Апошні год хлопец трэніруецца ў складзе эксперыментальнай групы, створанай пры федэрацыі біятлона на базе Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву. Сёлета Ілья стаў чэмпіёнам краіны ў сваёй узроставай групе па летнім біятлоне сярод выхаванцаў спартыўных школ.
Сярод тых, хто працягвае займацца непасрэдна ў мяне, адзначыў бы поспех Юліі Кавалеўскай. Яна стала чэмпіёнкай вобласці па летнім і зімовым біятлоне. Марыя Баркавец, яшчэ адна мая выхаванка, у гэтыя пераднавагоднія дні паедзе ў Мінск на прэзідэнцкую ёлку за поспехі, дасягнутыя ёй у праграме зімовага шматбор’я.
НА ЗДЫМКУ: Валерый Лектараў на трэніроўцы па стральбе з Алінай Маханёк, Кацярынай Шарковіч, Дашай Гарбачовай