Председатель Сенненского райисполкома Василий Чередник подвёл итоги уходящего года

 

Завяршаецца, адыходзіць у гісторыю 2018 год, які аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы. Якім ён быў для Сенненшчыны, расказвае ў традыцыйным навагоднім інтэрв’ю старшыня раённага выканаўчага камітэта Васілій ЧАРАДНІК.

— Станоўчая дынаміка дасягнута па ўсіх паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, нават у сельскай гаспадарцы. Чакаецца, што рост валавай прадукцыі АПК раёна за 2018 год складзе 101% да ўзроўню мінулага года. Асноўны ўклад у гэты паказчык унеслі сельгасарганізацыі, што ўваходзяць у інтэграцыйную структуру, за кошт павелічэння вытворчасці раслінаводчай прадукцыі. Дзякуючы кукурузе, зерня атрымалі нават больш, чым летась. Іншая справа, што трэба больш дбаць пра эканоміку, на аснове раслінаводчай прадукцыі дабівацца павышэння ўзроўню рэнтабельнасці ў вытворчасці малака, іншай жывёлаводчай прадукцыі.

Нягледзячы на недахоп абаротных сродкаў працягвалася работа па пера­ўзб­раенні галіны. На азначаныя мэты патрачана 7,5 млн руб­лёў, у тым ліку на набыццё тэхні­кі — 1,2 млн, 6,1 млн рублёў — на аднаўленне дойнага статка. Працягвалася будаўніцтва вытворчых магутнасцей: ферм, прафілакторыяў, сянажных траншэй, што абавязкова павысіць эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці, палепшыць стан эканомікі.

— Для эканомікі важна не толькі вытворчасць. Без выгаднага, з прыбыткам, продажу няма сэнсу займацца раэлізацыяй прадукцыі. Якія паказчыкі раён мае ў гэтай сферы?

— Чысты прыбытак у цэлым па раёне складзе, па папярэдніх падліках, прыблізна 1,4 млн рублёў. Станоўчую рэнтабельнасць продажаў маюць фактычна ўсе галіны эканомікі: прамысловасць, будаўніцтва, гандаль, лесаводства, што прывяло да росту заработнай платы на 18,9%, дзякуючы чаму ў раёне на 4% вырас таваразварот. Сярэдні заробак па раёне склаў 643 рублі. Менавіта гэты паказчык з’яўляецца асноўным, бо характарызуе ўзровень жыцця насельніцтва.

— Яшчэ адзін з важных яго складнікаў — будаўніцтва жылля.

— Так. Напярэдадні Новага года ў райцэнтры ўведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом. Навасёламі ў ім сталі шматдзетныя сем’і з усяго раёна. Акрамя таго, будавалася індывідуальнае жыллё. Па стане на 20 снежня яго ў эксплуатацыю ўве­дзена 1675 м2.

— Адным з асноўных будаўнічых аб’ектаў на Сенненшчыне ў 2018 годзе была цэнтральная раённая бальніца…

— Будаўніцтва, распачатае ў 2016 годзе, калі ў Сянне праводзіліся абласныя “Дажынкі”, працягваецца. Сёлета пасля рэканструкцыі пацыентаў сталі прымаць стаматалагічнае аддзяленне, зубапратэзная лабараторыя, жаночая кансультацыя, аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі і трэці пост тэрапеўтычнага аддзялення. Завяршаецца рэнавацыя будынкаў паліклінікі, тэрапеўтычнага і хірургічнага аддзяленняў бальніцы, што, безумоўна, паспрыяе эканоміі бюджэтных сродкаў, якія накіроўваліся ў выглядзе платы за цяпло.

Як і рэалізацыя дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”. Са станцыі абезжалезвання сталі атрымоўваць ваду сёлета і жыхары паўднёва-заходняй часткі горада, дзе, дарэчы, перакладзены водаправодныя сеткі. Усяго на Сенненшчыне эксплуатуецца 4 станцыі абезжалезвання, чацвёртая будуецца ў аг. Багданава.

— Значны аб’ём работ выкананы сёлета ў Парку 40-годдзя Перамогі, дзе не толькі праводзяцца многія афіцыйныя мерапрыемствы з нагоды дзяржаўных свят. Сінаі — любімае месца адпачынку сенненцаў. Сюды яны прыводзяць гасцей, калі хочуць паказаць найпрыгажэйшыя мясціны малой радзімы.

— Прырода сапраўды стварыла паблізу горада ўнікальны куток. Працай людзей таксама шмат зроблена, каб тут зручна сябе адчувалі сталыя і маладыя, аматары здаровага ладу жыцця і юныя спартсмены. Тут утульна ў любую пару года. Дадатковага камфорту дададуць і аб’екты, што з’явіліся ў парку сёлета: альтанкі, малыя архітэктурныя формы, што ўстаноўлены па ўсім парку, вяровачны гарадок, які даспабоды дзецям і, зразумела, амфітэатр.

— Усё гэта — інвестыцыі ў сацыяльную сферу.

— Я б сказаў — у якасць жыцця.  Агульная сума ўкладанняў за год склала каля 15 млн руб­лёў. Хацелася б больш.  І не толькі з бюджэту. Менавіта ў гэтым напрамку трэба працаваць з прыватнымі інвестарамі, у тым ліку з ураджэнцамі раёна.

У 2019 годзе асноўныя ўкладанні пойдуць у Багушэўск. Гарадскі пасёлак уключаны ў графік добраўпарадкавання, распрацаваны ў Віцебскай вобласці для населеных пунктаў такога тыпу. Што дапаможа палепшыць інфраструктуру населенага пункта, зрабіць яго прывабным для ўкладанняў у вытворчасць. Хочацца спадзявацца, што ў баку ад пераўтварэнняў не застануцца і багушэўцы. Любая справа лепш спорыцца, калі яе рабіць агульнымі намаганнямі.

 Гутарыў

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.