Пакупнікі ацанілі салёную рыбу мясцовай вытворчасці
Цэх па засолцы рыбы Сенненскага райспажыўтаварыства ў Багушэўску пачаў працаваць у 2005 годзе.
У невялікім памяшканні пануюць чысціня і парадак. У эмаліраваных ваннах у салёнай вадзе паасобку ляжаць селядцы, кілька, салака — сыравіна нарвежскага і расійскага паходжання. Міні-цэх штомесяц выпускае да 4-х тон прадукцыі, 50% ад якой рэалізуецца праз рознічную гандлёвую сетку за межамі раёна. Яна карыстаецца попытам у Дуброўне, Талачыне, Бешанковічах, Шаркаўшчыне.
— Увесь працэс выконваецца строга па тэхналогіі, — расказвае апрацоўшчык рыбнай прадукцыі Ніна Клімянок. — З дапамогай арэометра вызначаецца працэнт утрымання растворанай у вадзе солі. Асартымент налічвае некалькі найменняў: гатовы прадукт слабасалёнага, сярэднесалёнага і вострага пасолу (у рэцэптуру апошняга ўваходзяць яшчэ вострыя прыправы — каляндра і лаўровы ліст). Пасля чаго салёная рыба закладваецца ў герметычныя пластыкавыя ёмістасці і ўзважваецца.
Ніна Іванаўна адначасова з’яўляецца прыёмшчыкам і здатчыкам рыбнай прадукцыі. Ёй дапамагае прыбіральшчык Аляксандр Гнітаў.
Пакупнікі даўно ацанілі смак салёнай рыбы мясцовай вытворчасці і мэтанакіравана шукаюць яе на прылаўках магазінаў. Свае дывідэнды мае райспажыўтаварыства. Як расказала Ларыса Барсукова, інжынер-тэхнолаг прадпрыемства, удзельная вага прадукцыі цэха па засолцы рыбы ў агульным аб’ёме ўсёй сістэмы грамадскага харчавання райспажыўтаварыства складае 20%.
Праўда, пасля наведвання цэха захацелася мець інфармацыю аб ім з незалежных крыніц. Яе мы атрымалі ў РЦГЭ, у галоўнага ўрача Сняжаны Мяцеліцы.
— Прадукцыя цэха рэгулярна правяраецца па паказчыках бяспекі. Адхіленняў ад нарматываў не выяўлялась. Тым не менш работу цэха плануецца прыпыніць, бо ў будынку адсутнічае вентыляцыя, гарачае в одазабеспячэнне, патрабуецца рамонт памяшканняў. У бліжэйшы час тут чакаецца мадэрнізацыя, якая прывядзе вытворчасць у адпаведнасць з санітарнымі нормамі і палепшыць умовы працы і якасць прадукцыі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: Ніна Клімянок і Аляксандр Гнітаў.
Фота аўтара.