Кацярына Белкіна: «У нацыянальным строі адчуваю сябе сапраўднай беларусачкай»
Кацярына Белкіна, малады спецыяліст Сенненскага РЦКіНТ, прыйшла ў сферу культуры невыпадкова. Гэта ўсвядомлены выбар, і, як адзначае сама дзяўчына, – яе прызванне.
У раёне Кацярына чалавек новы. Сама з Аршаншчыны. Пасля заканчэння Мінскага ўніверсітэта культуры і мастацтва на працу ў Сянно трапіла па размеркаванні. Пра тое, што ёсць такі горад на карце вобласці, ведала. Больш таго, была тут, калі вучылася ў школе. У складзе каманды юных інспектараў дарожнага руху прыязджала на спаборніцтвы. “Хто б мог падумаць, што калісьці сенненская зямля гасцінна сустрэне мяне, толькі ўжо ў якасці спецыяліста”, — адзначае мая суразмоўца.
Сваё жыццё з мастацтвам дзяўчына звязала ў самым раннім узросце. Яшчэ калі наведвала дзіцячы садок, маці яе запісала на заняткі па хору. Спявала маленькая Каця прыгожа. Усю пачатковую школу займалася музыкай. А калі пасталеўшы адкрыла для сябе яркі свет танца, прысвяціла сябе мастацтву рухаў. Асвоіла тэхніку класічнага танца, тры гады займалася чэрлідынгам. Яна была нязменнай вядучай шматлікіх школьных мерапрыемстваў. Таму пасля заканчэння школы ў Кацярыны не ўзнікла пытання, з чым яна звяжа сваё далейшае жыццё.
Дзяўчына працуе рэжысёрам у РЦКіНТ восьмы месяц. За гэты перыяд здолела зарэкамендаваць сябе добрым спецыялістам. Яе часта можна ўбачыць на сцэне ў якасці артыста, вядучага, танцора.
Арганізатарскія і творчыя здольнасці ёй дадзены ад нараджэння. У Кацярыны ёсць тая іскрынка, з якой можа разгарэцца вялікае полымя творчай асобы. Дзяўчыне падабаецца тое, чым яна займаецца. “Мы, работнікі культуры, нясём у масы свята. І нам вельмі важна аўдыторыя, настрой людзей, — адзначае малады спецыяліст. – Калі ўдалося зрабіць яго добрым, выклікаць станоўчыя эмоцыі, то, можна сказаць, канцэрт праведзены не дарэмна”.
Сваё першае мерапрыемства, у якім была задзейнічана ў якасці вядучай, Кацярына добра запомніла. Было гэта ў Ходцах. Дзяўчына, што вырасла ў вялікім горадзе, людзі якога адрозніваюцца ад жыхароў невялічкіх населеных пунктаў, была ўражана адкрытасцю сенненцаў, іх шчырасцю, ветлівасцю. З такой аўдыторыяй прыемна працаваць, спяваць для іх, адзначае яна.
Песня для Кацярыны – гэта не проста словы, гэта стан душы. Ёй вельмі падабаецца спяваць у хоры работнікаў культуры, выходзіць з песняй на сцэну і ў час розных канцэртаў. Асаблівыя эмоцыі перажывае, калі гэта твор на беларускай мове. “Наша мова прыгожая, мілагучная. Вы толькі ўслухайцеся ў яе, — гаворыць дзяўчына. — Я, калі апранаю народны касцюм і выходжу на сцэну з чарговым нумарам, адчуваю сябе сапраўднай беларусачкай. Упэўненасць, гонар унутраны адольвае за сябе, свой народ”.
Яна не адвяргае традыцыі рускіх людзей. Яе бабуля Надзея ўжо шмат гадоў жыве ў Разані. Таму і да культурнай спадчыны расіян адносіцца з вялікай павагай.
Кацярына, адзіная ў сваёй сям’і, хто звязаў жыццё з мастацтвам. Родныя рады яе творчым поспехам. І тое, што робіць дзяўчына свае першыя крокі ў прафесію на Сенненшчыне, у невялічкім раёне, іх ні кроплі не пужае. Пачынаць трэба з маленькага, каб заваёўваць больш сур’ёзныя вышыні, упэўнена і сама Кацярына.
Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.