Гістарычны факт: ураджэнец Ходцаў з’яўляўся генеральным камісарам Літвы ў гады фашысцкай акупацыі
Сенненцам, як і ўсім беларусам, не трэба расказваць, хто такі гаўляйтэр Кубэ, якую ролю ён адыграў у лёсах тысяч, мільёнаў прадстаўнікоў нашага народу падчас фашысцкай акупацыі. За ўсю яго “ласку” народныя мсціўцы вынеслі яму і выканалі смяротны прыгавор.
Сваіх намеснікаў Адольф Гітлер прызначаў на кожную нацыянальную тэрыторыю. На іх ускладваўся абавязак па правядзенні акупацыйнай палітыкі, у аснове якой было вынішчэнне неарыйскіх народаў. Генеральным камісарам Літвы з 1941 года па 1944 з’яўляўся Тэадор фон Рэнтэльн.
-Такую інфармацыю я знайшоў у Інтэрнэце на сайце балтыйскай гістарычнай камісіі, якая створана ў Германіі. Гэты факт зацікавіў мяне, бо пачынаючы з сярэдзіны 19 стагоддзя маёнтак Ходцы (Ніжнія Ходцы) належыў Адаму фон Рэнтэльну. Ён нарадзіўся 7 студзеня 1826 года на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны, меў званне капітана імператарскай гвардыі, — расказаў Аляксандр Бараноўскі, магістрант гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя Машэрава.
Памёр Адам фон рэнтэльн 25 мая 1870 года ў Ходцах, дзе і быў пахаваны. Маёнтак перайшоў у спадчыну жонцы Аляксандры, якая паходзіла з роду фон Венцэляў.
З радаводу фон Рэнтэльнаў.
Першыя звесткі пра род вядомы з 14 стагоддзя. На той час яго прадстаўнікі жылі на тэрыторыі сучаснай Эстоніі, але мелі нямецкае паходжанне.Па веравызванні былі лютэранамі.
Памёр Адам фон Рэнтэльн 25 мая 1870года ў Ходцах, дзе і быў пахаваны. Маёнтак перайшоў у спадчыну жонцы Аляксандры, якая паходзіла з роду фон Венцэляў.
У Адамы і Аляксандры было двое сыноў. Яўген памёр у 1873 годзе і таксама быў пахаваны ў Ходцах. Фёдар, які нарадзіўся 3 красавіка 1862 года, быў членам Сенненскага павятовага сходу, земскім галосным, ганаровым міравым суддзёй, віцэ-старшынёй павятовага сельскагаспадарчага таварыства.
Даведка ад Аляксандра Бараноўскага.
У маёнтку Ходцы вялася інтэнсіўная сельская гаспадарка са шматпольным севазваротам. Разводзілася буйная рагатая жывёла дацкай пароды. У 1893 годзе была пабудавана лесапільня, на якой ў 1906 годзе вырабілі 3071 дошку на суму 214 рублёў, у 1902 – крухмальна-абдзірачны завод. У 1906 годзе на ім працавала 13 рабочых, аб’ём прадукцыі у грашовым эквіваленце склаў 6083 рублі. У 1900-1913 гадах на суконнай фабрыцы ў Ходцах працавала 115 рабочых, выраблялася прадукцыі на 100 тыс. рублёў. Акрамя гэтага ў маёнтку працаваў паравы млын з крупадзёркай.
Фёдар (Тэадор) фон Рэнтэльн пабраўся шлюбам з Лорай Арранэт. Яны мелі сына Тэадора і дачку Марту. Пра апошнюю вядома мала: нарадзілася ў 1892 годзе ў Ходцах, памерла ў 1944 – у Велікабрытаніі. Тэадор быў маладзейшы за сястру на 5 гадоў. Пасля змены ўлады ў Расійскай імперыі ў 1918 годзе ён эмігрыраваў у Германію. Атрымаў добрую эканамічную адукацыю, быў доктарам эканомікі. У 1928 годзе ўступіў у нацыянал-фашысцкую партыю, зрабіў у ёй палітычную кар’еру…
І ўсё ж лёс ураджэнца Ходцаў аказаўся такім жа бясслаўным, як і ўсіх фашыстаў. Генеральны камісар Літвы Тэадор фон Рэнтэльн быў выдадзены Савецкаму Саюзу. І, як асоба, якая праводзіла фашысцкую палітыку, за забойствы савецкіх грамадзян, што здзяйсняліся па яго загаду, быў асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне.
Старэйшыя хадчане, якія добра помнілі падзеі Вялікай Айчыннай вайны ўспаміналі, што падчас фашысцкай акупацыі ў вёску прыязджалі нейкія высокапастаўленыя немцы з салдатамі. Магілы фон Рэнтэльнаў раскапалі, прах былых гаспадароў маёнтка Ходцы забралі. Дзе перапахавалі, невядома.
Над магіламі стаяў велічны помнік. Пасля вайны ягоэлементы выкарысталі для стварэння стварэння помніка салдатам, якія загінулі пры вызваленні Ходцаў і яго наваколля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зямлі, якая для Рэнтэльнаў, ва ўсякім разе для Тэадора (старэйшага), так і не стала роднай. Чаму, гэта ўжо іншая гісторыя, з нагоды якой дыскусія ў грамадстве працягваецца да гэтай пары.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКАХ: герб роду фон Рэнтэльнаў, Фёдар (Тэадор) фон Рэнтэльн (старэйшы); Тэадор фон Рэнтэльн (малодшы), генеральны камісар Літвы ў гады фашысцкай акупацыі;
Фота прадастаўлена Аляксандрам Бараноўскім.