Незвычайны ўрок музыкі прайшоў на днях у Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў. У якасці выкладчыка выступіў адзін з лепшых музыкаў Беларусі — віртуоз Ігар Квашэвіч

1Вядомы ў нашай краіне і за яе межамі выканаўца-віртуоз Ігар Квашэвіч прыехаў з канцэртам у Сянно ў рамках музычна-адукацыйнага праекта «Беларусь тур», арганізаванага пры падтрымцы РГА «Белая Русь» і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сольнаму выступленню ў цэнтры культуры і народнай творчасці папярэднічала сустрэча ў сценах Сенненскай ДШМ. Майстар-клас ад «залатога акардэона Беларусі» сабраў у зале педагогаў і навучэнцаў не толькі народнага, але і іншых аддзяленняў. Удзельнікі музычнага лікбезу маглі назіраць за віртуознай ігрой музыканта. У рамках майстар-класа Ігар Квашэвіч выканаў шэраг твораў класічнай і сучаснай музыкі, падзяліўся каштоўнымі парадамі з юнымі музыкантамі, а таксама адказаў на пытанні педагогаў школы. Па яго словах, айчынная школа баяна і акардэона атрымала прызнанне ва ўсім свеце і сёння вельмі важна захаваць заваяваныя пазіцыі. У Беларусі шмат таленавітых выканаўцаў, у тым ліку і дзяцей, якім пад сілу працягнуць гэтыя традыцыі. Дапамагчы ім у гэтым закліканы асветніцкі праект «Беларусь тур».

А вечарам гэтага ж дня сенненцы апладзіравалі Ігару Квашэвічу не толькі як выканаўцу, але і таленавітаму кампазітару, спеваку. У канцэртнай праграме прагучалі папулярная інструментальная музыка, а таксама аўтарскія песні ў выкананні маэстра.

Канцэрт беларускага віртуоза-акардэаніста прайшоў на адным дыханні. Гледачы не хацелі расставацца з цудоўнай музыкай і таленавітым артыстам, зала апладзіравала стоячы. Ад усіх ўдзячных гледачоў кветкі і словы прызнання Ігару Квашэвічу падарылі члены пярвічнай арганізацыі РГА “Белая Русь” Сенненскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Ігар Квашэвіч і навучэнка 3 класа Сенненскай ДШМ па класе баяна Маша Кулік.

Фота аўтара.