БЯРОЗЫ ГАЮЧЫ СОК
Умовы надвор’я спрыяюць нарыхтоўцы бярозавага соку. З пачатку сезона Багушэўскі лясгас паставіў яго на перапрацоўку толькі на ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат» больш за 27 тон. Акрамя таго, прадукт пабочнага карыстання лесам набывае насельніцтва, Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Здабычай соку сёлета ў лясгасе займаюцца работнікі трох лясніцтваў: Сафіёўскага, Ульянавіцкага і Бурбінскага. У апошнім бярозы падсочаны непадалёк ад вёскі Рулёўшчына.
— У 28 квартале 18-м выдзеле, на лесасецы галоўнага карыстання, — удакладняе Мікалай Юнчык, ляснічы Бурбінскага лясніцтва. Ён стаў для нас своеасаблівым экскурсаводам па вясновым лесе.
На камлях дрэў на вышыні 35-50 см бензапілой зроблены прапілы, ніжэй якіх устаноўлены латкі для адводу гаючай вадкасці. Па іх сок трапляе ў поліэтыленавыя мяхі. Відовішча ўражвае, а ў недасведчанага чалавека выклікае яшчэ і непаразуменне. Заўважыўшы яго, Мікалай Юнчык тлумачыць:
— Падобны спосаб падсочкі дрэў дапушчальны пры прамысловым зборы соку. На працягу 5 гадоў усе гэтыя дрэвы будуць спілаваны. А вось калі бярозавік здабываць з дрэва, што расце на вашым прысядзібным участку, лепш выкарыстоўваць больш ашчадны спосаб і менш траўматычны, — раіць ён.
Мы прыехалі на дзялянку якраз у той дзень, калі сок з перапоўненых мяхоў злівалі ў ёмістасць, якую транспарціраваў трактар. За трое сутак бярозы далі 4 тоны соку. Мікалай Юранаў, памочнік ляснічага, сёлетні год лічыць вельмі багатым на бярозавік.
— Пры гэтым, не ў прыклад мінуламу году, сезон здабычы соку выдаўся працяглым. Ва ўмовах халаднаватага надвор’я прадукт атрымліваецца чысты, без механічных прымесей, не закісае, — не хавае ён задавальнення. Таму і бяруць перапрацоўшчыкі сок з ахвотай. Пры плане 4 тоны Бурбінскае лясніцтва паставіла ў Ноўку ўжо 15 тон. Сок туды дастаўляюць на малакавозе КУСГП імя Данукалава, які папярэдне добра апрацоўваецца.
Выканаў заданне і лясгас. Аднак збор соку працягваецца. Замест 30 тон мяркуецца сабраць пяцьдзесят. І не толькі за кошт рэалізацыі перапрацоўшчыкам. Нізкія цэны (1100 рублёў за літр), павышэнне экалагічнай і прававой культуры насельніцтва садзейнічаюць таму, што большасць жыхароў раёна за лепшае лічыць атрымліваць гаючы напой прыроды цывілізавана, на законнай падставе.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКАХ: Мікалай Юнчык і Мікалай Юранаў дапамагаюць рабочым збіраць дары прыроды; у час загрузкі ёмістасці сокам.
Фота аўтара.