Семейные ценности. В Сенненском ЗАГСе чествовали юбиляров семейной жизни

Дзеці, дом, сад. Усе гэтыя набыткі ёсць у сям’і Юрыя і Ганны Галкіных, якія нядаўна адзначылі юбілей сумеснага жыцця.

У той дзень разам з роднымі і сябрамі яны зноў прыйшлі ў ЗАГС, каб сказаць адзін аднаму: “Кахаю”. Зноў было шмат кветак, пераважна руж, бо 10-цігадовы юбілей носіць назву “ружовы”. За гэты час кола родных і сяброў прыкметна павялічылася. У сям’і падрастае дзве цудоўныя дзяўчынкі. Ульяна, вучаніца 2-га класа і навучэнка вакальнага гуртка цудоўна выканала ў гонар таты і мамы песню. На падтанцоўках у яе была занята двухгадовая Аліса.

Маладыя муж і жонка зноў сталі на ручнік, выканалі вальс, атрымалі пасведчанне. Ушанаванне юбіляраў сямейнага жыцця, якое праводзіць ЗАГС, па сцэнарыю фактычна такое ж як і пры рэгістрацыі шлюбу. Юра і Аня прынялі віншаванні са святам і ад іншых родных, калег па працы. Асабліва шмат жадаючых сказаць добрыя словы ў адрас сужэнцаў было з ліку работнікаў райспажыўтаварыства, дзе Юрый працуе. Павіншаваць яго прыйшла цэлая дэлегацыя. Аня занята ў раённай паліклініцы (яна стаматолаг), але зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. Мабыць па гэтай прычыне яе калег па працы ў ЗАГСе не было.

6

Любоў, узаемная падтрымка, павага, уменне дараваць адзін аднаму, а яшчэ падтрымка родных дазволілі Галкіным з гонарам прайсці разам першыя дзесяць гадоў сумеснага жыцця. Іх агульным набыткам стала павышэнне адукацыйнага ўзроўню. І Юрый, і Аня скончылі за гэты час вышэйшыя навучальныя ўстановы, выраслі як прафесіяналы, узняліся па кар’ернай лесвіцы. Галкіны не шукалі лепшай долі за марамі ды гарамі. Першыя некалькі гадоў сумеснага жыцця жылі разам з Алай Васільеўнай, маці Юрыя. З часам пабудавалі з дапамогай дзяржавы ўласнае жыллё. І хоць зрабіць гэта тады было больш даступна, Юрый не пазбег долі гастарбайтэра. Некалькі гадоў працаваў у Расіі. Рабіў усё гэта дзеля сям’і. У выніку сёння матэрыяльная аснова Галкіных трымаецца не толькі на кватэры, легкавым аўтамабілі. Яны сталі гаспадарамі на зямлі, маюць дачны ўчастак, дзе вырошчваюць неабходную гародніну, бульбу, пасадзілі сад. Ёсць іншыя задумкі па добраўпарадкаванні ўчастка. Як і планы на павелічэнне сям’і. Як і любы мужчына, Юрый марыць пра сына.

IMG_4505

Галкіны вядуць актыўны лад жыцця, займаюцца спортам, удзельнічаюць у спаборніцтвах. І не толькі спартыўных. Некалькі гадоў таму назад Юра стаў пераможцай раённага конкурсу «Супермужчына».

Сямейныя каштоўнасці… Рэгіструючы шлюб пара абяцае адно аднаму і сабе берагчы іх. А вось удаецца гэта далёка не ўсім. Каб захаваць каханне, вернасць, згоду, патрабуецца не толькі жаданне. Патрэбна напружаная праца, перш за ўсё духоўная, і адказнасць перад партнёрам, роднымі, грамадствам за створаную сям’ю.

— Мы рэгулярна праводзім ушанаванне юбіляраў, прапагандуючы сямейныя каштоўнасці, падобныя мерапрыемствы, мне здаецца, патрэбны і ім, бо даюць магчымасць азірнуцца на пройдзены разам шлях, патрэбны ўсім нам, — выказала ўпэўненасць Вольга Мялешка, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама, звяртаючыся да ўсіх прысутных. І запрасіла Галкіных адзначыць чарговы юбілей зноў у ЗАГСе.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

Фота аўтара.