В Сенненском районе проходит плановая посадка деревьев
Саджанцамі хвоі ў канцы мінулага тыдня папоўніўся 74-ы квартал 29-га выдзелу. Менавіта так на мове ляснічых называецца гаспадарчая адзінка ляснога фонду. Але гэты невялікі ўчастак у дваццаць сотак – толькі пачатак сёлетняй планавай пасадкі дрэў.
Згодна з праектам на тэрыторыі Сенненскага лясніцтва супрацоўнікамі прадпрыемства будзе засаджана 9,5 га. Што датычыцца ўсяго раёна, то гэта лічба, як пракаментавала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Багушэўскі лясгас” Таццяна Шугальская, складзе 82 га. Сярод парод, якімі ўзбагаціцца наш лясны фонд, стануць не толькі папулярныя сосны і елкі, а яшчэ і шэраг лісцяных дрэў. Яны, па словах майстра лесу Сенненскага лясніцтва Мікалая Кашпара, паспрыяюць устойлівасці насаджэнняў і дапамогуць знізіць колькасць пажараў. Адметна і тое, што на плошчы ў 30 га з’явяцца саджанцы, вырашчаныя па фінскай тэхналогіі, якія маюць закрытую карнявую сістэму.
Свой уклад у азеляненне раёна можа зрабіць і любы жадаючы ў рамках акцыі “Пасадзі дрэва”, што праходзіць у гэтыя дні на Сенненшчыне. Неабходна толькі звярнуцца ў аддзел па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама для ўдакладнення месцаў пасадкі. А матэрыялам і прыладамі працы ўсіх бясплатна забяспечыць Багушэўскі лясгас.
Ганна КОРСАКАВА.
НА ЗДЫМКУ: майстры лесу Сенненскага лясніцтва Павел Панамароў і Мікалай КАШПАР.