Марыну Лындзіну, загадчыка арганізацыйна-метадычнага і інфармацыйна-аналітычнага аддзела Сенненскага РЦКіНТ, у працы больш за ўсё матывуе вынік

Марыну Лындзіну, загадчыка арганізацыйна-метадычнага і інфармацыйна-аналітычнага аддзела Сенненскага РЦКіНТ, у працы больш за ўсё матывуе вынік.

Па выбраным творчым шляху жанчына ўпэўнена крочыць 27 гадоў. Дзякуючы высокім дасягненням у працы, сёлета партрэт Марыны Браніславаўны ўпрыгожвае раённую Дошку гонару.

Супрацоўнікі культуры — тыя людзі, якія бачаць вынік сваіх ідэй і фантазій, што называецца, імгненна. Па рэакцыі публікі можна зразумець адразу, наколькі добра атрымаўся той ці іншы канцэртны нумар. Саму ж Марыну Лындзіну часцей за ўсё можна ўбачыць на сцэне ў ролі вядучай, а таксама ў вобразе запальнай танцоркі ці казачнага персанажа. Нягледзечы на тое, што ў дзяцінстве гераіня матэрыялу бачыла сябе настаўніцай, сёння аб выбранай прафесіі не шкадуе.

Нарадзілася Марына Браніславаўна ў п. Труд Сенненскага раёна. Ужо з самага  маленства яна ведала працу супрацоўніка культуры знутры: заўсёды прымала ўдзел у мерапрыемствах, што праводзіліся ў мясцовым доме культуры. Там жа працавалі і яе родныя цёткі. Закуліснае жыццё вясковых артыстаў вабіла, і здавался, што лёс ужо прадвызначаны. Але, атрымаўшы агульную сярэднюю адукацыю ў СШ № 2 г. Сянна, мая суразмоўніца паступіла ў Полацкі гандлёва-тэхналагічны тэхнікум.

— Рашэнне з выбарам будучай прафесіі было не зусім абдуманым, — кажа жанчына. — З цягам часу я зразумела, што гэта праца не для мяне.  

Прыслухаўшыся да парад родных, Марына Лындзіна стала студэнткай-завочніцай Віцебскага вучылішча культуры і мастацтваў. Пазней дэманстраваць набытыя навыкі маладому спецыялісту даводзілася ў сельскіх дамах культуры Сенненшчыны: спачатку — у Андрэйчыках, потым — у Папоўцы. На той момант установы культуры ў вёсках карысталіся вялікім попытам і былі эпіцэнтрам галоўных падзей і святаў населенага пункту. 

— Мой працоўны шлях пачаўся ў 1997 годзе, — расказвае Марына Браніславаўна. — Тады на вёсцы было з кім і для каго працаваць. 

З  2014 года жанчына з’ўляецца супрацоўнікам Сенненскага РЦКіНТ. Сёння аддзел, якім загадвае Марына Лындзіна, аказвае метадычную дапамогу сельскім установам культуры. Такіх па раёне ўсяго 12. Таксама «медатычная служба» рыхтуе да ўдзелу ў абласных, раённых мерапрыемствах, стажыруе маладых спецыялістаў, праводзіць аналіз працы, а таксама супрацоўнікі культуры абменьваюцца вопытам паміж сабой.

Акрамя таго, Марына Браніславаўна з’яўляецца кіраўніком клуба аматараў фальклору «Крывія», які не так даўно адзначыў сваё 5-годдзе. Пра перамогі гэтага калектыву мы неаднаразовага расказвалі на старонках раённага выдання. Узгадаем: улетку 2023 года ўдзельнікі «Крывіі» атрымалі Гран-пры ў Міжнародным турніры «Танчым разам», што праходзіў падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».

— Калектыў РЦКіНТ — гэта адна вялікая каманда, — расказ­вае Марына Лындзіна. — У кожным праведзеным мерапрыемстве мы, артысты, пакідаем частачку сваёй душы. Узамен жа сенненскі глядач нам дорыць свае ўсмешкі, апладысменты і радасць. У гэтым мы і знаходзім матывацыю на новыя ідэі.

Вольга КАРПАВА.

Фота аўтара.